Филин

Юлія Кот

Агарэлышава: Белстат паказвае ілюзорную Беларусь будучыні, якая існуе толькі на паперы і справаздачах да Дня працы

Гендарная даследчыца, сузаснавальніца Фемгрупы Беларусь Алена Агарэлышава ў каментары Филину — пра тое, адкуль бярэцца прыгожая статыстыка міністэрства працы.

Штогод Міжнародная арганізацыя працы адзначае 28 красавіка сусветны дзень аховы працы. Святкуюць яго і ў Беларусі – фармальна наша краіна ўжо больш за 70 гадоў застаецца чальцом МАП.

Профільнае міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, напрыклад, паведаміла, што сёлета тэмай абмеркавання сталі «рэвалюцыйныя падыходы да бяспекі і гігіены працы».

— Мы зноў і зноў нагадваем пра тое, што забеспячэнне правоў і гарантый працаўнікоў у сферы аховы працы, стварэнне ўмоў для годнай працоўнай дзейнасці, якая прыносіць задавальненне грамадзяніну і карысць грамадству – гэта адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, — заявіла прэс-служба ведамства.

Можна не сумнявацца, што бліжэй да 1 мая Мінпрацы выдасць яшчэ цэлы спіс дасягненяў і пазітыўных лічбаў аб тым, як беларусам з кожным годам усё леш жывецца.

Филин папрасіў гендарную даследчыцу, сузаснавальніцу Фемгрупы Беларусь Алену Агарэлышаву пракаментаваць адзін з паказчыкаў, якім любяць пахваліцца ўлады і прапаганда — дасягненні ў гендарнай роўнасці.

Алена Агарэлышава. Фота svaboda.org (RFE/RL)

— У Беларусі усё яшчэ ёсць 88 прафесій, забароненых для жанчын (гэта пасля таго, як спіс скарацілі ўдвая), — звяртае ўвагу экспертка.

Жанчына не мае права працаваць, да прыкладу, кавалём, пажарнай, фарбавальшчыцай. Як кажуць чыноўнікі, гэта можа негатыўна паўплываць на рэпрадуктыўную функцыю жанчын.

Але, па-першае, кожная жанчына сама можа вызначыць, кім яна хоча працаваць, а па-другое — пра рэпрадуктыўную функцыю мужчын, выходзіць, апекавацца не трэба? Можа, тыя высілкі, якія дзяржава траціць на «абарону» жанчын, лепш патраціць на тое, каб зрабіць прафесіі, шкодныя для рэпрадуктыўнай сістэмы людзей, больш бяспечнымі?

Што да гендарнага разрыву ў аплаце працы, тут адбываецца нешта цікавае. Ва ўсім свеце гэты разрыў у сярэднім вагаецца блізу 20%. А ў Беларусі, як вы думаеце, які гэты разрыў? 5,8%! То бок, мы бліжэй за ўсіх да зор.

Як так сталася, што яшчэ ў 2021 годзе гендарны разрыў у Беларусі складаў 24,3%, а за тры гады яго так зменшылі? Бо змянілі механізм падліку.

Раней, умоўна, лічылі сярэднеарыфметычны паказчык па кампаніі. Калі ў вас тры дырэктары-мужчыны атрымліваюць па 15 рублёў, а адна прыбіральшчыца — 5 рублёў, то гендарны разрыў будзе вялікім. І Белстат казаў, што так не вельмі карэктна лічыць. Я тут згодная, бо мы не параўноўваем заробак дырэктара і дырэктаркі, прыбіральшчыка і прыбіральшчыцы, а незразумелае сярэднее арыфметычнае.

Як падлічваюць гендарны разрыў цяпер, мне невядома. Гэта адно вялікае пытанне, бо з кожным годам усё больш дадзеных у нас засакрэчваюць, нібы дзяржаўную таямніцу (звесткі па смяротнасці закрылі яшчэ з часоў кавіду).

Больш за тое, статыстыка не ўлічвае шэраг сацыяльных фактараў: колькі людзей працуюць не на поўную стаўку і атрымліваюць адпаведна менш, хто атрымлівае надбаўкі, каго прасоўваюць на больш аплочваемыя пасады. І гэта яшчэ не кажучы, чаму дырэктараў, кіраўнікоў-мужчын больш, чым жанчын.

Таму магчыма, што механізм падліку розніцы ў заробках Белстат палепшыў. Але мінулы паказчык хаця б нешта мог даць у разуменні, ці ў нас больш кампаній, дзе тры дырэктары і прыбіральшчыца, ці тых, дзе тры дырэктрысы і прыбіральшчык. А цяперашні паказвае ілюзорную Беларусь будучыні, якая існуе толькі на паперы і справаздачах да Дня працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)