Дракахруст: Лукашэнка спадзяецца набраць козыры, не разлічваючы на імгненную рэакцыю Захаду
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст у каментары Филину — пра чарговае памілаванне асуджаных па палітычных справах у Беларусі.

— Я бы не стаў разглядаць гэтае памілаванне ў шэрагу ранейшых вызваленняў палітвязняў, — адзначыў у каментары Филину Юрый Дракахруст, адказваючы на пытанне пра памілаванне напярэдадні 42-х асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». — Ранейшыя вызваленні ішлі даволі шчыльна, прыкладна раз на месяц з мінулага лета да першых месяцаў гэтага года.
А потым была даволі вялікая паўза. Па адной з версій, Лукашэнка паглядзеў на рэакцыю, якой асабліва не было, і вырашыў, што вялікага сэнсу працягваць пакуль няма.
Таму, думаю, апошняе вызваленне не ідзе ў гэтым шэрагу, а звязана з сімвалічнай важнай нагодай, круглай гадавінай перамогі ў вайне.
Пры гэтым уключаць гэтых людзей пад амністыю ён не захацеў. Дарэчы, здаецца, па амністыі наогул палітзняволеных не вызвалялі, бо звычайна амністыя абвяшчаецца па фармальных чынніках, скажам, па пэўным артыкуле ці нейкім статусе. Адзінкі палітвязняў з дэ-юрэ «непалітычнымі» артыкуламі маглі патрапіць.
Таму ў адносінах да іх толькі памілаванне.
І вось, зыходзячы з логікі ўлады, надыходзіць усенароднае свята і паколькі «ворагі народа» — таксама народ, можна вызваліць і іх пэўную частку.
Не выключаю, што гэта памілаванне адбылося б, нават калі б не было папярэдніх.
Гэта адмысловы жэст да свята. І заадно яно можа ў пэўным сэнсе ўбудавацца ў шэраг тых самых кроках насустрач Захаду.
— За папярэднія крокі Лукашэнка быццам бы нічога не атрымаў. Ці можа ён зараз на нешта спадзявацца?
— Можа. Але не столькі за кошт уласных жэстаў, бо наўрад ці ён разлічвае, што вызваліць яшчэ колькі чалавек і яму на гэта адкажуць. Але ён можа, што называецца, атрымаць нейкі палітычны дывідэнд ад змены агульнай сітуацыі.
Зараз, як мы бачым, узнікаюць вельмі сур’ёзныя праблемы паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай. Нейкая дынаміка гэтых адносінаў, можа стацца, адкрые акенца магчымасцяў і для беларускіх уладаў.
У гэтым сэнсе можна прыгадаць і вызваленне Юрыя Зянковіча, і папярэднія вызваленні нашых калег, пасля чаго з’явіўся той вялікі артыкул у New York Times пра нібыта велізарны праект адміністрацыі Трампа з крокамі насустрач Мінску.
Так, у публічнай прасторы абмеркаванне артыкула знікла, але гэта не азначае, што зносіны бакоў наогул супыніліся. Вось напярэдадні выпусцілі Зянковіча.
Гэта ўсё не звязаныя падзеі з апошнім памілаваннем. Але гэта таксама нейкія здзелкі, якія могуць быць улічаныя ў будучыні пры пэўным збегу абставінаў.
Умоўна кажучы, калі будзе нарэшце абвешчаны мір, па якіх бы прычынах гэта ні адбылося, у сітуацыі, калі Расія перастае ваяваць, а Беларусь ёй дапамагаць, падставаў, каб утрымліваць санкцыі ў ранейшым аб'ёме, стане менш.
Не выключаю, што Лукашэнка гэта разумее і спадзяецца набраць да таго часу нейкія козыры, нават не разлічваючы на імгненную рэакцыю.
Вось адбыўся шэраг вызваленняў палітвязняў, быў яшчэ такі заўважны крок як бязвіз для еўрапейцаў. Невядома, можа калі зменіцца агульная сітуацыя і ўзнікне абмеркаванне, ці варта рабіць Захаду нейкі крокі насустрач Беларусі, гэта і ўлічаць.
То бок, усе гэтыя розныя здзелкі могуць быць спробай стварыць больш спрыяльны кантэкст у будучым.
Але, адзначу, што і па гэтых кроках беларускія ўлады вядуць вельмі жорсткі гандаль. Іх палітыка ў гэтым напрамку вельмі дазаваная, нават адносна Злучаных Штатаў.
Бо калі вызвалілі Андрэя Кузнечыка, многія думалі, што адразу будуць вызваленыя і Зянковіч, і нашыя калегі Ігар Лосік і Ігар Карней. Але іх тады не вызвалілі, хоць і прымусілі выступіць на БТ.
То бок шмат аддаваць у гэтых здзелках беларуская ўлада не хоча, але крокі робяцца.
Аднак паўтару, я лічу, што калі нейкая змена палітыкі Захаду (у першую чаргу — ЗША, у другую — ЕС) у адносінах да Беларусі і адбудзецца, то не з прычыны нейкіх дзеянняў, маўляў, жэстаў Лукашэнкі, а з прычыны агульнага кантэксту сітуацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное