Алана Гебрэмарыям: «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА»
Экс-палітзняволеная Алана Гебрэмарыям піша на Люстэрку пра жахі турэмнай медыцыны.
Ці магчыма захаваць ментальнае і фізічнае здароўе ў турме? Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям задавала сабе гэтае пытанне яшчэ тады, калі яе сяброў упершыню саджалі на «суткі» пасля мітынгаў супраць закона пра «дармаедства» ў 2017-м і калі чула расказы старэйшых калег і каляжанак пра іх турмы пасля пратэстаў 2006-га і Плошчы-2010.
Тады яна была ўпэўненая, што з моцным унутраным стрыжнем можна прайсці праз усе выпрабаванні з нязначнымі наступствамі для здароўя.
«Але 2020 год змяніў не толькі нас, але і жорсткасць, выдасканаленасць рэпрэсіўнай машыны, што паступова навучылася масава знішчаць людзей псіхалагічна і фізічна. На маіх вачах мясасечка перакручвала людзей да такой ступені, што, праходзячы з некаторымі шлях ад СІЗА да вызвалення з калоніі, я пераставала пазнаваць людзей — яны вар’яцелі», — кажа экс-палітзняволеная.
У калонцы для «Люстэрка» яна расказвае пра жудасную медыцыну за кратамі.
«Аказалася, што нам перадаюць жанчыну, якая перажыла інсульт, не можа самастойна хадзіць і размаўляць»
Медперсанал СІЗА-1 на Валадарскага, якога ўжо не існуе, у 2020−2021 дэманстраваў цуды абыякавасці і нежадання абслугоўваць любых зняволеных. У нейкія моманты стваралася ўражанне, што анальгін і ібупрафен — гэта адзіныя лекі, якія яны запомнілі, калі вучыліся на медыкаў, бо прапаноўвалі іх абсалютна ад усяго.
Яны вінавацілі зняволеных у выпрошванні таблетак і адмаўляліся дапамагаць «сімулянтам», а часам проста не прыходзілі днямі, нават калі іх клікалі дзясяткі разоў.
Тут варта ўдакладніць, што, каб атрымаць медыцынскую дапамогу, трэба звярнуцца да медперсаналу падчас абходу камер. Другі варыянт — калі дапамога патрэбная па-за гэтым. То-бок спачатку трэба прайсці праз бар’ер у выглядзе прадольных (супрацоўнік СІЗА, які дзяжурыць у калідоры. — Заўв. рэд.), што манітораць камеры і калідор. Ужо яны павінныя паклікаць доктара, а той — захацець прыйсці.
Часта чалавечы фактар у гэтай немудрагелістай схеме даваў збой. Дапамога не прыходзіла.
Памятаю, у нашай аднакамерніцы пачаў рэзка падымацца ціск, пайшла пена з рота, але на крыкі пра дапамогу ніхто не адгукнуўся. Нібыта на калідоры па-за камерамі ўсё жывое вымерла. Мы ўзялі металічныя кубкі, тазы, усё, чым можна стварыць максімальную какафонію, пачалі імі біць аб падлогу, дзверы і крычаць.
Іншыя камеры, пачуўшы наш лямант, далучыліся ў стварэнні турэмнага хаосу, і па ланцужку шум салідарнасці нарастаў з кожнай новай камерай.
Уявіце, толькі праз 20−30 хвілін супрацоўнік мужчынскага корпуса дазваніўся да нашага жаночага з пытаннем: «Што за бунт у вас там?» Нашую аднакамерніцу ў выніку адкачалі, але гісторыя паказвае хібы сістэмы. Насуперак усяму мы сваімі сіламі спрабавалі знаходзіць таблеткі адна для адной, лячыцца народнымі сродкамі ці проста «паміралі» на ложках, пакуль не выпішуць парушэнне.
Атрымаць медыцынскую перадачу ад блізкіх можна было толькі ў панядзелак раніцай. І калі яны не паспяваюць яе прынесці, то застаешся сам-насам са сваім болем. Ужо тады перасталі прымаць лекі, якія, паводле інфармацыі медчасткі, ёсць у іх у наяўнасці.
З кастрычніка 2023 года для атрымання неабходных лекаў трэба было напісаць заяву ў медчастку. Потым яны павінныя згадзіцца, што ты маеш патрэбу ў гэтых леках, — і толькі тады родныя могуць паспрабаваць перадаць іх.
Іранічна, але самая страшная сітуцыя з меддапамогай, што адбылася асабіста са мной у СІЗА, здарылася ў камерах бальнічнага корпуса. Туды мяне адправіў аператыўны адзел на «перавыхаванне». Але тады я слаба ўяўляла, навошта замест карцара мяне адпраўляюць у зручныя камеры, дзе нават ёсць звычайныя ложкі з артапедычнымі матрацамі.
Але хутка ўсё праяснілася: тут лекарская халатнасць была гіпербалізаваная да максімуму, нібыта ў тэатры абсурду.
Апынуўшыся ў камеры, я зразумела: мала таго, што не працуе ацяпленне, дык з вокнаў дзьме так моцна, што адчуванне, быццам я на дварэ. На заявы пра рамонт акна і ацяплення ніхто не рэагаваў. Бронхапнеўманія не змусіла сябе чакаць, і хутка я не магла падняцца з ложка. У прынцыпе, гэта мала каго хвалявала, нават калі я не змагла ўстаць на праверку адміністрацыі.
Ночы і дні я праводзіла ў спробах дапаўзці да прыбіральні і бясконца «выплёўвала» лёгкія. Пры гэтым часта спала ля ўнітаза, бо сэнсу класціся ў ложак не было. Прадольныя доўга назіралі за гэтым начамі, пакуль не пачалі прасіць мяне нарэшце пайсці спаць. Я дабілася, каб мне прынеслі антыбыіётыкі, толькі на пяты дзень хваробы.
Аднойчы на «бальнічцы» нас прымусілі пайсці ў суседнюю камеру: «На выхад, без рэчаў». Аказалася, што нам перадаюць жанчыну, якая перажыла інсульт, не можа самастойна хадзіць і размаўляць. Як толькі мы ўчатырох перанеслі яе ў камеру, пачалася нашая штодзённая барацьба за жыццё гэтай жанчыны.
Мы кармілі яе з лыжкі тры разы на дзень, дзяліліся перакусамі, мылі яе ў душы і ракавіне. Намагаліся памыць яе вельмі брудныя і смярдзючыя рэчы, стараліся не прапусціць яе жадання схадзіць у прыбіральню — цягнулі яе туды, выціралі потым. Карацей, выконвалі ўсе базавыя штодзённыя дзеянні.
У нейкі момант у дзяўчат пачаліся нервовыя зрывы, бо такі клопат адбіраў апошнія сілы. У разуменні здаровага чалавека такую пацыентку мусяць асобна даглядаць санітары ці медбраты-сёстры. Але яны проста сапхнулі недзеяздольнага чалавека на нас — яе аднакамерніц. Жанчына ў свае 50 выглядала як зморшчаная бабуля гадоў 80−90.
У дадатак ёй давалі моцны псіхатропны прэпарат, які яшчэ больш пагаршаў стан. На жаль, думаю, калі яна і выжыла, то засталася з інваліднасцю на ўсё жыццё.
Як чалавек з вышэйшай медыцынскай адукацыяй я не магла ўявіць, што эмпатыі да хворых людзей можа проста не існаваць. Вядома, як часта бывае, і ў СІЗА былі выключэнні — людзі, што нягледзячы на ўмовы працы, стараліся знайсці таблеткі, прыбегчы як мага хутчэй і дапамагчы, падказаць, як можна атрымаць праз медперадачку неабходныя лекі.
Напрыклад, падчас знаходжання ў халодным Акрэсціна ў адной палітзняволенай абвастрыліся праблемы з ныркамі. Да нас у камеру ІЧУ яна зайшла ў стане «складана стаяць на нагах ад болю». Я пачала гучна грукаць у дзверы і крычаць, што нам патрэбная экстранная дапамога — ныркавыя колікі.
Прадольны за секунду падляцеў, пачаў лаяцца на мяне, што трэба было крычаць пра мачакаменную хваробу, і пабег па медбрата. Праз пяць хвілін яны ўжо ставілі дзяўчыне патрэбны ўкол. То-бок памерці ад абвастрэнняў стараліся не даць.
COVID-19 мы сустрэлі ў жаночым корпусе СІЗА-1, у камеры 87. Распаўсюдзіўся ён вельмі хутка. Мы з хлопцамі і дзяўчатамі з маёй справы ў траўні 2021-га пачалі штодзённа ездзіць на суд, з раніцы да вечара сутыкаючыся з вялікай колькасцю людзей з МУС, Кастрычніцкага і Савецкага РАУС, з супрацоўнікамі СІЗА, суда Савецкага раёна і іншымі ўдзельнікамі працэсу.
Так аднойчы хтосьці ў камеры маіх «падзельнікаў» захварэў, потым і яны самі. А пасля і я вярнулася з суда, не адчуваючы смакаў і пахаў.
Неўзабаве амаль уся камера была з высокай тэмпературай і ўсімі астатнімі сімптомамі каранавіруса. У той час у СІЗА толькі пачалі прывозіць расійскую вакцыну «Спутнік» і кітайскую «Сінавак».
Агулам ніякага разумення, як лячыць ужо захварэлых, у супрацоўнікаў СІЗА не было. Нас проста закрылі на каранцін. Пры наяўнасці тэмпературы больш за 39 калолі трайчатку, астатнім давалі стандартныя гарачкапаніжальныя і імунамадулятары.
У той момант каранцін нават здаваўся адэкватным рашэннем, каб не дапусціць распаўсюду віруса на паверсе. У рэальнасці Крымінальна-выканаўчы кодэкс, як і іншае заканадаўства, ніяк не ўлічваў магчымасці каранціну. У людзей было 10 сутак на напісанне і высылку апеляцыйнай скаргі, а іх замкнулі ў пакоі два на два метры.
І, вядома, не давалі ні сустракацца з адвакатам, ні ўзаемадзейнічаць з астатнім светам. Атрымліваецца, мы не маглі скарыстацца правам абараніць сябе. Мы здолелі ачуняць, але ўсе ў розныя тэрміны і з рознымі наступствамі. Я адчувала жудасную слабасць, апатыю, боль у лёгкіх яшчэ паўгода, валасы пачалі выпадаць цэлымі пасмамі.
«Увосень і ўвесну збіралі анучамі і лапатамі лужыны ў вёдры і пераносілі да зліву, узімку — снег у велічэзныя мяхі па 60 кг»
Падчас паездкі ў жаночую калонію № 4 (яна знаходзіцца ў Гомелі на вул. Антошкіна. — Заўв. рэд.) я насамрэч не чакала моцнага паляпшэння сітуацыі з медыцынай ці ўмовамі ў параўнанні з СІЗА. Але быў маленькі агеньчык надзеі, што дзякуючы наяўнасці большай колькасці персаналу, медыцынскага абсталявання, спецыяльных боксаў для хворых на кавід сустрэча з сістэмай будзе не настолькі балючай.
Хутка я ўсвядоміла, што маштаб халатнасці, парушэння санітарна-эпідэміялагічных норм тут яшчэ большы. Сувымерны з масштабамі гэтай турэмнай машыны.
Ледзь не першае, што я зразумела ў атрадзе — тэмп і якасць майго жыцця тут незваротна зменяцца. Распарадак дня складзены так, каб чалавек пастаянна быў заняты і адчуваў сябе загнанай жывёлінай.
Прыблізна 100 жанчын адначасова ўскакваюць з ложкаў, а 6-й (ці ў 6.25, у залежнасці ад змены), бягом бягуць займаць чаргу на каву, у прыбіральню і капцёрку (памяшканне з асабістымі рэчамі ў скрынях). Мы засцілалі ложкі канвертамі, апраналіся па форме і мусілі быць гатовыя ісці на сняданак ці на праверку ўжо праз 20 хвілін.
Пасля працы ці да працы мы сядзелі на некалькіх прымусовых гадзінах выхаваўчых тэлівізійных праграм, адбывалі прызначаныя дзяжурствы ў атрадзе. Я часта лічыла вольны час паміж задачамі ў секундах: 40 секунд — каб збегаць па ежу ў капцёрку, 20 секунд — каб памыцца ці запарыць гарбату. Бывалі дні, калі я прачыналася такой стомленай, што не магла нацягнуць форму.
Нават без іншых абцяжарвальных умоваў хранічны стрэс ад распарадку быў такі высокі, што імунітэт дзяўчат не вытрымліваў — усе мы часта хварэлі.
Палітзняволеных у атрадзе і па-за ім часта нагружалі большай колькасцю задач, чым зняволеных па іншых артыкулах. Мы з іншымі палітзняволенымі пастаянна хадзілі на інвентарныя працы — насілі цэглу, ссечаныя дрэвы, прыбіралі прамысловую зону ў любое надвор’е. Увосень і ўвесну збіралі анучамі і лапатамі лужыны ў вёдры і пераносілі да зліву, узімку — снег у велічэзныя мяхі па 60 кг. І потым цягнулі іх у супрацьлеглую частку калоніі.
Уся гэтая праца не прызначаная для жанчын і адбівалася на здароўі спіны, таза. Да таго ж форменнае адзенне і абутак — тонкія пінжак і спадніцы, ватоўка, восеньскія драўляныя боты не па памеры — ніяк не былі прыстасаваныя да халоднага надвор’я. І, вядома, асабліва часта ўзнікалі цыстыты, урэтрыты з жудаснымі болямі, бо высушыць ногі ці абутак пасля такіх мерапрыемстваў было амаль немагчыма.
А холад быў не толькі на дварэ, але і ў памяшканнях. Нам даводзілася класціся ў халатах на піжаму, каб хоць неяк сагрэцца. Нормы вентыляцыі памяшкання, скучанасць, пыл, масавае курэнне прыводзілі да абвастрэння рэспіраторных хвароб — астмы, бранхіту, танзіліту, ларынгіту і іншых.
Мне было балюча назіраць, як маіх сябровак з тэмпературай, у разбітым стане выганялі прыбіраць прамысловую зону. Я часта цішком прапаноўвала адказным за «прамку» сябе замест іх.
Большасць палітычных і іншых зняволеных вымушаная працаваць на швейнай фабрыцы. «Касы, кульгавы, глухі, сляпы — усе будзеце працаваць», — так адказала дзяжурная намесніца начальніка калоніі на пытанне, ці ёсць супрацьпаказанні для працы швачкай. Яна не схлусіла ні словам.
Я сустракала на фабрыцы людзей рознага ўзросту з цэлай картай цяжкіх хвароб — перажытым інфарктам ці інсультам, хранічнай недастатковасцю нырак і сэрца, з разнастайнымі інваліднасцямі, грыжамі, псіхічнымі хваробамі, анкалогіяй. На думку адміністрацыі, кожны можа працаваць — галоўнае захацець.
Людзям з афіцыйна аформленай пенсіяй дазвалялі застацца ў атрадзе, як і некаторым з цяжкімі хваробамі. Але толькі калі ты не перайшоў дарогу адміністрацыі, іначай нават з самым цяжкімі хваробамі людзей прымушалі хадзіць на фабрыку.
Праблема не толькі ў тым, што працаваць за машынкай ці за прамысловым прасам шэсць гадзін шэсць дзён на тыдзень, лякаліць вырабы ці раскройваць тканіну — аб’ектыўна цяжка. Гэта яшчэ і небяспечна для здароўя.
Крэслы і сталы, на якіх сядзяць швачкі, не рэгулююцца. Тэмп працы проста невыносны. Ён настолькі хуткі, что адшытае проста перакідваецца паміж швачкамі, бо бегаць паміж машынкамі проста няма часу. Перад нашымі вачыма праносіліся інфаркты, гіпертанічныя крызы, страта прытомнасці, адрэзаныя пальцы і іголкі, якія ў іх захраслі.
Так, намінальна мы ўсе падпісвалі азнаямленне з правіламі бяспекі на працоўных месцах. Але яны не былі абсталяваныя згодна з тэхнікай бяспекі. Напрыклад, маёй аднаатрадніцы ў раскройным цэху пілой адрэзала кончык пальца — было шмат крыві, крыкаў. Яе адвялі ў санчастку і пачалі апрацоўваць: маўляў, гэта яна не прытрымлівалася тэхнікі бяспекі, а значыць, не мае прэтэнзій да фабрыкі.
То-бок усімі спосабамі здымалі адказнасць з адміністрацыі. Больш за тое, людзей у такіх выпадках не вывозяць у гарадскую бальніцу, не даюць бальнічных і дадатковых выплат.
«Аднойчы яна проста села і памерла ў памяшканні выхаваўчай працы»
Каб атрымаць медыцынскую дапамогу ў калоніі, можна запісацца да доктара і пайсці ў санітарную частку. Праўда, запіс не гарантуе прыёму. Часта пад кабінетам тэрапеўта сядзела чарга на 10 чалавек, а ён проста збягаў «у ШІЗА», абяцаў вярнуцца і не вяртаўся да вываду на фабрыку. Дзяўчаты былі вымушаныя выходзіць на працу з высокай тэмпературай. І там пад ціскам брыгады спрабаваць шыць.
Палітзняволеным было вельмі складана атрымаць бальнічны. Нават з аб’ектыўнымі падставамі — тэмпературай, моцным кашлем, слабасцю, высокім ціскам і моцнымі болямі. Пасцельны рэжым, каб паспаць у атрадзе, таксама часам даводзілася проста вымольваць. Мае сёстры ў няшчасці расказвалі, што на прыёме ў доктара бачылі спіс палітзняволеных, якім нельга даваць бальнічны ні ў якім разе.
Ды і агулам з усіх дактароў адзінкі дэманстравалі эмпатыю, інтарэс да тваёй сітуацыі і сапраўды спрабавалі паставіць дыягназ, прызначыць карэктнае лячэнне і даць бальнічны.
Лекі ў жаночай калоніі выдаюцца два разы на дзень, строга ў прызначаны час для кожнага атрада ў пункце выдачы медыцынскіх прэпаратаў. І што гэта значыць для адэкватнага лячэння? Напрыклад, супрацьзапаленчыя, гарачкапаніжальныя лекі з нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў (ібупрафен, парацэтамол) часта прызначаюць разам з гастрапратэктарамі (амепразол), якія трэба выпіць за 30 хвілін да ежы.
Піць іх разам з ежай ці пасля проста не мае сэнсу. Гэта нівелюе эфектыўнасць, але ніхто не ўлічвае інструкцыі да прыёму таблетак. На гэтым фоне у жанчын узнікаюць хваробы ЖКТ.
А бывала, што таблетак не выдавалі. Так, мы прыходзілі з дзікімі болямі падчас месячных, падчас праблем з зубамі, падчас прыступаў астмы і ў адказ на просьбу выдаць таблеткі чулі: «Нічога, пацярпіш» ці «Я не бачу, каб вы задыхаліся».
Бывалі дні, калі калонію перакрывалі больш чым на палову дня, напрыклад, калі прыязджалі праверкі ці праходзіў ператрус ва ўсіх атрадах. Людзі не маглі атрымаць жыццёва неабходныя лекі, напрыклад інсулінатэрапію, бо нікога не выпускалі з атрада.
Магчымасць папрасіць медыкаменты са свабоды, як і ў СІЗА, вядома, была. Але па факце дактары адмаўляліся падпісваць заявы на медпрэпараты з волі, калі ў аптэцы калоніі тыя былі ці маглі быць у наяўнасці.
На здароўі адбівалася і ежа. Тое, чым кармілі ў калоніі, не дапамагала падтрымліваць здароўе: яна была абсалютна не збалансаваная па БЖВ, вітамінах і элементах, кансістэнцыі. Відавочна, што доўга на такой ежы не пратрымаешся, і ў каго была мажлівасць, тыя прасілі сваякоў дасылаць перадачкі, у каго не было — стараліся зарабляць і хадзіць па садавіну, гародніну, сыр і іншыя прадукты ў «атаварку» — мясцовую краму.
Статус «злоснага правапарушальніка», які часта давалі палітзняволеным, пазбаўляў магчымасці набываць ежу нароўні з астатнімі. Усяго дзве базавыя, за якія, акрамя кавы, печыва і сродкаў гігіены, нічога не купіш. Праз адсутнасць цвёрдых элементаў у ежы пачынаўся птоз твару, праблемы з зубамі і кішэчнікам. Так мы заставаліся ў замкнёным коле з хваробаў, пакутаў, медыцынскага нядбальства і татальнай абыякавасці.
Апагей маёй нянавісці да медыцынскай часткі калоніі і пачуццё бездапаможнасці надышлі пасля дзвюх сітуацый ў калоніі.
Першая. У маёй сяброўкі-палітзняволенай была міёма маткі, і падчас зняволення ёй ужо паспелі зрабіць аперацыю. Аднойчы ў яе пачаўся моцны крывацёк. Яна прачнулася ў лужыне крыві. Я памятаю мой ціхі жах, калі яна падышла да мяне і сказала: «Алана, я не ведаю, як яе спыніць, мне вельмі дрэнна. Я зараз звалюся».
Мы сабралі шмат рыззя і самых вялікіх пракладак — нават гэта не дапамагло спыніць струмень. Падчас 30-хвіліннай праверкі яе стан пагоршыўся, і праз нашыя крыкі і разборкі яе адвялі ў санчастку, а потым запісалі да дактароў.
Праўда, гэта не дапамагло — гінеколаг і тэрапеўт прызначылі ёй абсалютна непрыдатнае лячэнне, якое ў дадатак абвастрыла яе іншую небяспечную хваробу з венамі. Ёй адмовілі ў бальнічным. Яе з нізкім ціскам адправілі сплываць крывёю на працу. Яна ледзь размаўляла і хадзіла, выглядала вельмі бледнай. Я сапраўды баялася страціць яе.
Другая сітуацыя здарылася са мной і яшчэ з шэрагам зняволеных. Але трэба зазначыць, што гэта толькі тыя выпадкі, пра якія мне вядома. Пасля аналізаў і скаргаў мяне накіравалі на ультрагукавое даследаванне (УГД) малога таза (трансабдамінальнае, праз брушную сценку), якое праводзіцца на поўны мачавы пузыр. Усімі відамі УГД займаўся адзін чалавек — мужчына сярэдніх гадоў, знешне нічым не прыкметны.
Я заўсёды стаўлюся да дактароў як да прафесіяналаў, не шукаючы падвоху. Таму спачатку мяне не насцярожыла, як ён павольна і доўга мяне разглядаў: спачатку ў адзенні, потым — ужо на кушэтцы са спушчанымі карункавымі майткамі. Ён марудна вадзіў апарат па жываце, а потым папрасіў перавярнуцца, каб паглядзець ныркі, і паклаў руку ў раёне ягадзіц.
Пасля гэтага, без тлумачэнняў, ён адправіў мяне схадзіць у прыбіральню і вярнуцца. Затым, на пусты мачавы пузыр, вырашыў зрабіць мне трансвагінальнае УГД (з увядзеннем спецыяльнага датчыка ў похву) — без прызначэння ад гінеколага.
Успамінаючы той момант, я ўсё выразней разумею, з якім задавальненнем ён праводзіў гэты працэс, як доўга гэта доўжылася, і як я прасіла яго спыніць агляд, бо мне было некамфортна. Аказваецца, фразы кшталту «Што такая прыгожая дзяўчына робіць у калоніі? Можа, яшчэ трошкі пабудзеш тут са мной?» ён гаварыў не толькі мне.
Зняволеныя з атрада падыходзілі і дзяліліся сваімі гісторыямі, задаючы пытанне: «Як думаеш, нам паказалася?» Адна з апошніх, якую я памятаю, — перад УГД грудзей ён вырашыў зрабіць пальпацыю і сказаў дзяўчыне, што так трэба.
Ад гвалту, харасменту, дамаганняў ніхто не застрахаваны — нават у турме. Там мы нават не ведалі, да каго можна звярнуцца з такім далікатным пытаннем. Да начальніка калоніі? У аператыўны аддзел? Да кіраўніка медчасткі? Відавочна, што не. Не было доказаў — толькі нашы словы і нашы адчуванні. У выніку дзяўчыны, да якіх маглі прыслухацца аператыўнікі, пайшлі і ўсё ім расказалі. Не ведаю, ці праводзілася праверка, але яны абяцалі.
Калі я вызвалялася, гэты чалавек усё яшчэ працаваў у калоніі. Дзяўчыны расказвалі, што ўзаемадзеянне з ім стала для іх глыбокай траўмай. Да гэтага часу, калі я ўяўляю, як гэты маленькі, брыдкі, сальны мужчына дакранаўся да мяне і іншых жанчын у кабінеце УГД — асабліва да непаўналетніх, — мяне пачынае ванітаваць.
Здароўе людзей, якія знаходзяцца ў ізаляцыі ў ШІЗА і ПКТ, пад яшчэ большай пагрозай. Пастаянны холад, антысанітарныя ўмовы, адзінота, адсутнасць нармальнай ежы і магчымасці гігіенічных працэдур, адэкватнай меддапамогі прыводзяць да таго, што за закрытымі дзвярыма жанчын змушалі вар’яцець і забіралі рэшткі іх здароўя.
Я закрываю вочы, і перад імі стаіць Марыя Калеснікава. Але не з яе цудоўнай усмешкай, а скурчаная, яе цягнуць з ШІЗА ў бок санчасткі пад рукі іншыя зняволеныя. Боль, які застыў на яе твары, дагэтуль не дае мне спакою. Як мы даведаліся, Маша безліч разоў гаварыла пра пагаршэнне стану і прасіла дапамагчы ёй, абследаваць. Але нічога не адбылося. Як мы ведаем, пасля гэта прывяло да язвы, рэанімацыі і пагрозы яе жыццю. Алесю Пушкіну таксама своечасова не дапамаглі — ён памер у зняволенні.
Падчас майго знаходжання ў калоніі памерла прынамсі шэсць зняволеных. Старую хворую жанчыну, якую спецыяльна прывезлі ўзімку на лячэнне ў Гомель з Рэчыцы, пасялілі ў 13-ы атрад на трэцім паверсе. Ёй увесь час было дрэнна — цяжка падымацца і хадзіць на ўсе рэжымныя мерапрыемствы.
У дадатак было вельмі холадна. Яна прасіла вызваліць яе хаця б ад паходаў у сталоўку, але яе прымушалі ісці з усімі. Аднойчы яна проста села і памерла ў памяшканні выхаваўчай працы.
Я гляджу на гэтых моцных, разумных, прыгожых жанчын — і маё сэрца разбіваецца. Іх павольна забіваюць там, кожную секунду жудаснага распарадку. «Мы папросту не можам клапаціцца пра сябе, тут не шануюць чалавечае жыццё», — гэтыя думкі часта пранасіліся ў галаве і разбіваліся аб каменныя муры калоніі № 4.
Мару пра час, калі яны выйдуць, мы зможам іх абняць, дапамагчы аднавіць хаця б часткова псіхалагічнае і фізічнае здароўе. Мару, каб гэтая рабская сістэма, якая пакалечыла іх жыцці, панесла адказнасць і была рэфармаваная па еўрапейскіх чалавечых стандартах не для страшнай кары, а для дапамогі людзям і іх рэабілітацыі.
Читайте еще
Избранное