Политика

Карбалевіч: «Афіцыйная пазыцыя Менску і Масквы ў пытаньні вайны Ізраілю і Ірану разыходзяцца»

Чым выкліканы дыпляматычны плюралізм беларускага боку адносна вайны на Блізкім Усходзе, аналізуе на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Мужчына назірае за полымем над нафтасховішчам пасьля меркаванага ізраільскага авіяўдару ў Тэгеране 16 чэрвеня

Афіцыйная пазыцыя Менску (нэўтральная) і Масквы (праіранская) ў пытаньні вайны Ізраілю і Ірану разыходзяцца. Таксама моцна адрозьніваецца зьмест заявы ШАС, якую падтрымала Беларусь, і заявы беларускага МЗС.

Напад Расеі на Ўкраіну адчыніў «скрыню Пандоры». Расейская агрэсія легітымізавала вайну як спосаб вырашэньня сусьветных супярэчнасьцяў.

Новая вайна на Блізкім Усходзе адцягвае ўвагу сусьветнай супольнасьці ад расейска-украінскай вайны, і гэта не на карысьць Украіне. Павысілася цана на нафту, што выгадна Расеі.

Зь іншага боку, расейскі саюзьнік Іран апынуўся ў крытычнай сытуацыі. Нагадаю, што паміж Расеяй і Іранам падпісана дамова аб стратэгічным супрацоўніцтве. Нядаўна абрынуўся прарасейскі рэжым у Сырыі. Цяпер можна рабіць прагноз, што геапалітычная роля і міжнародная вага Ірана панізіцца ў выніку гэтай вайны. Саюзьнікам Расеі не шанцуе.

Цалкам лягічна, што Расея выступіла ў падтрымку Ірану, асудзіла Ізраіль за тое, што той «парушыў Статут ААН і нормы міжнароднага права». Хоць на тле агрэсіі РФ супраць Украіны тэзіс Масквы пра статут ААН і міжнароднае права выглядае крывадушна.

Іран зьяўляецца чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якая апошнім часам прэтэндуе на статус важнага сусьветнага гульца. Дык вось ШАС выступіла з заявай, у якой «рашуча» асудзіла ўдары, якія Ізраіль нанёс па Ірану 13 чэрвеня. У гэтай арганізацыі дамінуюць Расея і Кітай. Дарэчы апошні актыўна супрацоўнічае з Іранам, шмат купляе іранскай нафты, нягледзячы на заходнія санкцыі.

Акрамя таго, у ШАС уваходзяць пяць мусульманскіх краін (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбэкістан, Пакістан), якія спачуваюць ісламскаму Ірану. Індыя ўхілілася ад удзелу ў абмеркаваньні гэтага пытаньня і не падпісала заяву.

Беларусь таксама сябра гэтай арганізацыі, Менск у міжнародных пытаньнях арыентуецца на Расею і Кітай, таму беларускае кіраўніцтва падтрымала заяву ў падтрымку Ірану і з асуджэньнем Ізраілю. Зафіксуем гэты момант.

Бо ў афіцыйнай заяве МЗС Беларусі няма падтрымкі ці асуджэньня таго ці іншага боку гэтага канфлікту. У дакумэнце гучыць заклік да міру.

То бок афіцыйная пазыцыя Менска (нэўтральная) і Масквы (праіранская) у гэтым пытаньні разыходзяцца. Таксама моцна адрозьніваецца зьмест заявы ШАС, якую падтрымала Беларусь, і заявы беларускага МЗС. Такі своеасаблівы дыпляматычны плюралізм афіцыйнага Менску.

Валер Карбалевіч

Варта адзначыць, што Беларусь мае даволі цесныя стасункі з Іранам. Аляксандр Лукашэнка тройчы наведваў гэтую краіну, апошні раз — у 2023 годзе.

Зь візытамі ў адказ іранскіх прэзыдэнтаў апошнім часам фатальна не шанцуе. Былы прэзыдэнт Ібрагім Раісі павінен быў наведаць Беларусь у кастрычніку 2024 году, аднак загінуў у авіякатастрофе за паўгоду да гэтай даты.

Міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў падчас нядаўняй паездкі ў Маскву анансаваў візыт у Менск цяперашняга прэзыдэнта Ірана Масуда Пэзэшкіяна гэтым месяцам. 26-27 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбудзецца саміт ЭАЭС. На гэтае мерапрыемства павінен быў прыляцець прэзыдэнт Ірана, сумясьціўшы гэта з афіцыйным візытам у Беларусь. Аднак на тле цяперашняй вайны, у якой апынулася ягоная краіна, цяжка ўявіць, што плянаваная паездка адбудзецца.

Паміж Беларусьсю і Іранам адбываецца даволі цеснае супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. У 2023 годзе міністры абароны дзьвюх краін падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве ў сфэры падрыхтоўкі ўзброеных сіл. Ваенныя дэлегацыі абменьваюцца рэгулярнымі візытамі.

Экспарт Беларусі ў Іран — каля $60 млн., а экспарт у Ізраіль — каля $90 млн. Можа, у гэтым палягае прычына нэўтральнай заявы МЗС, хоць відавочныя палітычныя сымпатыі афіцыйнага Менску да Ірану.

Калі аналізаваць пазыцыю дзяржаўных мэдыяў адносна гэтага канфлікту, то можна выдзеліць традыцыйную лінію: ва ўсім вінаватыя ЗША. Вось у артыкуле газэты «Беларусь сегодня» аўтар Аляксандар Цішчанка ўбачыў «зорна-паласатыя вушы ў гэтай новай эскаляцыі». Маўляў, Дональд Трамп імкнецца падняць кошты на нафту, каб амэрыканскія нафтавыя кампаніі атрымалі звышпрыбыткі.

Трэба нагадаць, што Трамп у ходзе выбарчай кампаніі як раз абяцаў зьнізіць цэны на нафту.

Але ў асноўным у дзяржаўных мэдыях вытрымліваецца лінія, якую заняў МЗС. То бок дамінуе пазыцыя нэўтралітэту, шкадаваньне ахвяраў і спадзяваньні на мірнае ўрэгуляваньне канфлікту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(4)