Магчыма, у час прэзідэнцкай кампаніі ў Польшчы, калі грамадства больш палітызаванае, Мінск разлічвае схіліць Варшаву да дыялогу на беларускіх умовах. Таму акрамя прапагандысцкіх наратываў, маўляў, бачыце, палякі кінулі сваіх грамадзян на волю лёсу, мы чуем і бачым звароты да польскіх уладаў.
Карбалевіч: «Беларускія ўлады бачаць інструментам прымусу да перамоў з Польшчай шантаж і сілавыя дзеянні»
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч тлумачыць Филину, з чым звязаны ўсплёск тэмы «польскіх шпіёнаў» і чаго Мінск хоча дамагчыся ад Варшавы.
Днямі беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм пра палітзняволенага грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу. У нашай краіне ён быў прызнаны вінаватым у агентурнай дзейнасці і шпіянажы і асуджаны да 14 гадоў калоніі.

Вязню прапанавалі звярнуцца да польскіх уладаў з «просьбай аб дапамозе», каб тыя прынялі захады па яго вяртанні на радзіму. Акрамя таго, прапагандысты анансавалі цэлую серыю падобных «інтэрв’ю» з іншымі грамадзянамі Польшчы, якія знаходзяцца ў беларускіх вязніцах — у анонсе паказаныя яшчэ трое мужчын.
7 мая паказалі наступнае «інтэрв’ю» з Ежы Жывалеўскім — яго асудзілі ў 2023 годзе да 4 гадоў пазбаўлення волі нібыта за шпіянаж.
Тэлевізійнікі пафасна абвясцілі, што гэтыя людзі «просяць аб дапамозе і дасылаюць заклік уладам сваёй роднай краіны, патрыётамі якой яны сябе лічылі».
Якія мэты пераследуе рэжым Лукашэнкі, акцэнтуючы тэму зняволеных польскіх грамадзян, і ці паўплывалі на гэта выбары ў Польшчы, першы тур якіх пачнецца ў сярэдзіне траўня?
— Магчыма, гэта пэўным чынам звязана з прэзідэнцкімі выбарамі, ці проста гэтая кампанія стала трыгерам для ўзмацнення антыпольскай палітыкі, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч. — Але галоўнае тут у іншым.

Галоўнае — жаданне ці то прымусіць, ці то падштурхнуць, матываваць Польшчу, каб пачаць нейкія перамовы з Мінскам. Перамовы гэтыя патрэбны Беларусі па шмат якіх прычынах, і беларускія ўлады бачаць інструментам прымусу шантаж і сілавыя дзеянні.
З аднаго боку, гэта атака мігрантаў на мяжы, з другога — Анджэй Пачобут, які сядзіць у беларускай вязніцы даўно, і вакол яго бушуюць жарсці міждзяржаўных адносін, цяпер дадаліся так званыя «польскія шпіёны». Прычым людзі, якія заклікаюць польскі ўрад звярнуць на іх увагу, былі асуджаныя ў 2023 годзе — і два гады не было нічога чутна, а тут раптам выцягнулі іх на экраны.
Гэта не першы такі выпадак, нагадвае Валер Карбалевіч. Раней грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, прысуджаны ў Беларусі да смяротнага пакарання, заклікаў з беларускага экрану нямецкі ўрад вызваліць яго. І быў абменены разам з расійскімі палітвязнямі на кілера і шпіёнаў, зняволеных у ЗША і Еўропе.
Украінец Мікалай Швец, асуджаны за дыверсію супраць самалёта ў Мачулішчах, таксама у 2023 годзе быў «разрэкламаваны» прапагандай праз тэлебачанне і звяртаўся да прэзідэнта Украіны з просьбай пасадзейнічаць яго вызваленню (у чэрвені-2024-га ён быў вызвалены па абмене, што не перашкодзіла беларускім уладам судзіць яго і вынесці вырак у 25 год калоніі — С.).
Таксама мы помнім заклікі да ўрада ЗША ад амерыканскіх грамадзян, якія сядзелі ў беларускіх вязніцах.
— З дапамогай палітвязняў, якіх рэжым выкарыстоўвае як закладнікаў, беларускі бок імкнецца падштурхнуць заходнія сталіцы да перамоў, — канстатуе Валер Карбалевіч. — Цяпер гэта ўзмацнілася.
— Падавалася б, ёсць просты спосаб фарсіраваць пачатак перамоў. Узяць і вызваліць Анджэя Пачобута, пра што неаднаразова казаў польскі бок. Ці гатовы рэжым да гэтага, ці яму патрэбна сімвалічная легітымізацыя, каб прыехаў забіраць вязняў сама меней умоўны Сікорскі? Альбо і хацеў бы, але Крэмль не дазволіць?
— Цяжка сказаць, чаго канкрэтна хацеў бы беларускі бок. Заявы, якія раней гучалі, ці то абмяняць Пачобута на Паўла Латушку, ці каб у Беларусь абавязкова прыехаў міністр замежных спраў Польшчы — на мой погляд, гэта трохі несур’ёзна.
Але магчыма, што гэтыя заявы на паверхні, а насамрэч жаданні і прапановы беларускага боку Польшчы больш рэальныя — аднак пра іх пакуль ніхто не кажа.
Да канца незразумела, чаго хоча рэжым: ці ніякіх задач канкрэтных не стаіць, чыстая прапаганда, ці ёсць жаданне трошкі размарозіць адносіны. Хаця б дзеля таго, каб быў нармальны памежны транзіт, ад якога шмат што залежыць і для беларускага бюджэту, і для падвышэння геапалітычнага статусу Беларусі.
— Літаральна сёння стала вядома, што кіраўнік памежнай службы Польшчы сустрэўся з паслом Пакістана, абмяркоўвалі ў тым ліку нелегальную міграцыю. Варшава гуляе на апярэджанне Мінска?
— Наколькі вядома, пакістанцы пакуль не з’яўляюцца асноўнымі нелегальнымі мігрантамі, якія спрабуюць прарвацца праз мяжу. Таму гульня на апярэджанне — не ўпэўнены, што гаворка пра яе.
Магчыма, тэма закраналася, але на сёння сітуацыя больш гіпатэтычная. Ці прыедуць насамрэч у Беларусь гэтыя пакістанцы? А калі прыедуць, то ці будуць прарывацца праз мяжу, і ці будуць ім садзейнічаць беларускія ўлады? Калі гэта будзе?
Мяркую, Пакістану напярэдадні вайны з Індыяй не да гэтага, таму я пакуль не стаў бы асаблівую ўвагу надаваць гэтай тэме.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное