Кіркевіч: «Я веру ў вяртанне. Калі не нас усіх фізічна, то ў вяртанне Слова, якое і спрычыніцца да змен на Радзіме»

«Змены могуць адбываецца толькі ўнутры самой Беларусі. Што б ні рабілі і што б ні казалі эмігранты, ня думаю, што гэта можа сапраўды паўплываць на сітуацыю ў Беларусі,» — упэўнены Аляксандр Фядута. Тут ёсць адказ на пытанне «дзе?», але — няма нават намёку на «хто?», разважае Алесь Кіркевіч на Budzma.org.

Алесь Кіркевіч

Думкі Аляксандра Іосіфавіча ў інтэрв’ю Юрыю Дракахрусту рацыянальныя. Пра дзве Беларусі. Пра міф адносна 3%. Пра тое, што зараз мы, учорашнія суседзі па лесвічнай пляцоўцы, адно для аднаго — іншапланетнікі. Пра тое, што нам, так ці інакш, трэба будзе некалі знаходзіць супольную мову...

Тут жа — абясцэньванне ролі эміграцыі. Бо «што б ні рабілі і што б ні казалі эмігранты...». Бо замест таго, каб абмяркоўваць «зімовы паход» 50 джыпаў на Мінск — мы абмяркоўваем «фуршэтгейт»: хто трапіў, а хто не трапіў на Калядную сустрэчу да Наўроцкага, хто ў гэтым вінаваты... Іспанскі сорам.

Але якая тады роля эміграцыі? Чакаць, пакуль у Беларусі нешта само сабой саспее, зварыцца, дойдзе да кандыцыі, а пакуль — не ствараць кур’ёзных сітуацый за мяжой (Аляксандр Іосіфавіч, верагодна, яшчэ не чытаў пра «дзік-пік-гейт»...)? То бок, усё, на што здольная эміграцыя — гэта рэфлексія свайго выгнання ў мемуарах? Не думаю.

Не «дзе», а «хто»

Магчыма, ключавое ў гэтым раскладзе, акурат не «дзе?», а «хто?». У Беларусі гэтае «хто» зараз максімальна зацёртае — гэта алгарытм выжывання. Каб не трапіць пад раздачу, трэба зліцца з асфальтам. Так, у Беларусі — ты «на зямлі». Адчуваеш Радзіму. Ты ведаеш, хто чым дыхае, якія кошты ў крамах, пра што гавораць і пра што маўчаць у чэргах у паліклініцы. І? Што дае гэтае веданне?

На мой погляд, рэаліі сённяшняй Беларусі іншыя, чым у часы БССР. У БССР умоўнага студэнта Разанава мог адмазаць ад КДБ Максім Танк — бо той нешта разумеў і нешта значыў у дзяржапараце. І ўжо ў 1980-х усе гэтыя ўмоўныя разанавы — змаглі сабрацца разам і паўплываць на палітычныя працэсы (не ініцыяваць — а паўплываць, прыспешыць, сказаць сваё слова).

Зараз у Беларусі няма месца нелаяльнай публічнай асобе. Тым больш — арганізацыі, хоць бы і праваабарончай ці культурніцкай. Такая асоба ці асобы могуць існаваць на волі толькі кароткі час. А пасля за кратамі — доўгі час.

Нават не на явачнай кватэры — бо тэхналогіі сачэння нівелююць метады канспірацыі «старой ленінскай школы».

Дык хто ці што мае працаваць на змены ў Беларусі? Народныя масы? Спячыя ячэйкі? Суполкі радыёаматараў? Ці яно само сабой мае адбыцца, бо ёсць нейкая магія роднай зямлі, якая апраменьвае тых, хто па ёй ходзіць?.. Няясна. У стыхійную творчасць масаў, даруйце, я зусім не веру. Прынамсі, у творчасць — з пазітыўным вынікам.

«Доўгая дарога ў дзюнах»

Што ж можа эміграцыя? Згодны з Аляксандрам Іосіфавічам — няшмат. Каб самі маглі шмат, то не спрачаліся б за запрашэнні на Калядную сустрэчу да прэзідэнта суседняй краіны. Самі б рабілі сабе Каляды, самі б на іх запрашалі прэзідэнтаў і прэм’ераў. Але, ёсць як ёсць.

Наша эміграцыя сёння — гэта блуканне па пустыні, «доўгая дарога ў дзюнах». Не самы прыемны працэс, але — гэта рух.

Дынаміка — больш адпаведны стан матэрыі, чым статыка. Асабліва, калі мы кажам пра змены. Толькі ў выгнанні, у паходзе — магчымы пошук адказу на пытанне: «хто?».

Ці будзе гэта Маісей са сваімі скрыжалямі, ці Гедройць з часопісам «Культура» — не так важна. Будзе асоба — будзе і пасланне. Бо гісторыя дзейнічае праз людзей, як праз інструменты. Будзе «хто» — з’явіцца і «што».

У эміграцыі зараз магчыма галоўнае: палітычнае нараджэнне гэтага «кагосьці». Асобы. Асобаў. Тых, хто скажа слова, а Слова заўжды стаіць на пачатку ўсіх працэсаў і рэчаў. Таму я веру ў вяртанне. Калі не нас усіх фізічна, то ў вяртанне Слова, якое і спрычыніцца да змен на Радзіме.

Средний балл 4.5(2)