«На думку Зяленскага, мы не справіліся. Пры гэтым ён суперажывае ахвярам, якімі заплаціў беларускі народ»

Былы палітвязень, праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч распавёў падрабязнасці пра відэаразмову з прэзідэнтам Украіны.

— Мне вельмі спадабалася размова з Уладзімірам Зяленскім (15 снежня 2025 года – С.), таму што яна была вельмі шчырая, — згадаў Уладзь Лабковіч на канале Обычное утро. — Зяленскі — чалавек, які можа паказаць эмпатыю нават праз экран манітора.

Зяленскі размаўляе з вызваленымі беларускімі палітвязнямі. Калаж: «Радыё Свабода»

Ён сапраўды дастаткова эмпатычны і харызматычны. І размова была дужа цёплай. Яна доўжылася кароткі час, бо ён не быў у Кіеве, а літаральна толькі адышоў ад перамоваў, якія адбываліся ў Берліне з лідарамі Еўразвязу і прадстаўнікамі ЗША па мірнаму плану.

Было бачна, што Зяленскі вельмі спяшаецца, але ўсё ж знайшоў гэтыя 15 хвілін. Бо размова планавалася суткі да гэтага, і тады ён час не знайшоў. Але яе ўсё роўна не адмянілі.

Мне падаецца, што Зяленскі дакладна валодае беларускай сітуацыяй. У яго ёсць свая пазіцыя па ёй: ён прызнае адрозненне Украіны ад Беларусі ў тым, што дэмакратыя ў Беларусі не перамагла ў 2020 годзе, а ва Украіне яна перамагла.

Я адчуў, што з яго боку гэта была не толькі канстатацыя факту, але і прызнанне таго, што мы не справіліся, на яго думку. І цяпер гэта нашы пакуты і наш боль. Ён менавіта так нас усіх і ацэньвае.

Зяленскі не вельмі разбіраецца ў нашай грамадзянскай супольнасці, для яго мы ўсе — вялікая група прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Пры гэтым ён вельмі суперажывае тым ахвярам, якімі беларускі народ заплаціў, і палітычным вязням, якія даволі вялікі тэрмін знаходзіліся ў зняволенні.

У той жа момант Зяленскі прызнае, што шлях Беларусі да дэмакратыі яшчэ доўгі.

Сам Лабковіч распавёў пра адно з найбольш распаўсюджаных катаванняў у беларускіх вязніцах, ад якога вельмі пацярпеў.

— Цяжэй за ўсё за гэты час мне было знаходзіцца ў гэтых бясконцых адзіночках, у ШЫЗА. Гэта сапраўднае катаванне холадам.

Бывала, калі там тэмпература не ўздымалася больш 5-7 градусаў, а ты ў такой «шкляной вопратцы», як яе называюць, якая ўвогуле не трымае цяпло.

І тады ад холаду ў цябе рэальна баліць усё, ты не можаш заснуць уначы. І цягнуцца гэта можа і 10, і 20, і 30, і 40 сутак. Для мяне гэта і псіхалагічна, і фізічна вытрымаць было цяжэй за ўсё.

Дарэчы катаванне холадам — самая распаўсюджаная «методыка» ва ўсіх установах. З моманту затрымання я быў у сямі, і ў кожнай катавалі холадам.

У некаторых месцах больш ашчадна, а ў некаторых, напрыклад, у ПК-17 у Шклове, тое, што робяць там, рэальна рызыкоўная практыка для здароўя і жыцця зняволеных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)