Навумчык: «Беларусы мусяць быць гатовыя даць зразумець сьвету, што ніякіх саюзаў з Масквой мець не жадаюць»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык распавёў «Салідарнасці» пра тое, чаму да пераменаў варта рыхтавацца нават тады, калі яны выглядаюць немагчымымі.

– Што да самой Сьвятланы Ціханоўскай як асобы, дык я рады, што не падмануўся ў самых першых сваіх ацэнках, публічна выказаных яшчэ ў часе яе перадвыбарчых выступаў летам 2020-га. У тыя дні адразу адзначыў яе натуральнасьць, бяз нейкіх штучных зьнешніх эфэктаў, і гэта выклікала сымпатыю.

Безумоўна, у яе быў нулявы досьвед у палітыцы. Але яна аказалася здольнай вучыцца гэтай складанай і няпростай навуцы.

Аднак галоўнае мне бачыцца ў іншым: яна ўспрыняла нацыянальныя каштоўнасьці, асэнсавала іх і, як мне падаецца, выбудоўвае свае дзеяньні сыходзячы менавіта зь іх.

Ну і канешне, тое, што шмат каму можа падацца не зусім істотным (хаця ў беларускіх умовах гэта галоўнае) Сьвятлана можа быць прыкладам стаўленьня да беларускай мовы, і ў асабістым сэнсе (яна цяпер размаўляе бездакорна), і ў палітычным.

На вялікі жаль, далёка ня ўсе нашыя палітыкі, грамадзкія дзеячы, «лідэры думак» зь ліку тых, хто яе падтрымлівае — бяруць зь яе прыклад.

Галоўная станоўчая зьмена, якую я бачу ў праекцыі на падзеі пяцігадовай даўніны — гэта ўсьведамленьне нацыянальных інтарэсаў у кантэксьце адносінаў з Расеяй. Я памятаю сваё адчуваньне ад заявы Марыі Калесьнікавай на прэс канфэрэнцыі ў жніўні 2020 (праўда, ужо пасьля галасаваньня, калі Ціханоўская была ў Вільні), што для Каардынацыйнай Рады пытаньне выхаду з саюзных дамоўленасьцяў з Расеяй «наагул не стаіць на парадку дня... Мы лічым, што ўсе наяўныя дамоўленасьці павінныя выконвацца» (цытую даслоўна).

Калі я крытычна выказаўся адносна гэтай пазыцыі (Калесьнікава яшчэ была на свабодзе), мне заявілі, што іншае стаўленьне да Расеі ніяк не дапаможа «вырашыць унутрыпалітычны крызіс». Тым часам як гэты «крызіс» (а ўжо былі забітыя, параненыя і зьбітыя), у значнай ступені, быў вынікам падтрымкі Лукашэнкі Пуціным.

Але тагачаснае атачэньне Ціханоўскай не жадала ні прааналізаваць гісторыю беларуска-расейскіх дачыненьняў, ні прыслухацца да тых, хто меў рэальны палітычны досьвед.

Я магу назваць мінімум трох дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС-12, прапанову аб дапамозе якіх даволі бесцырымонна адкінулі — а гэта, усё ж, былі ня хлопчыкі з вуліцы, гэтыя людзі, будзем казаць як ёсьць, дамагліся Незалежнасьці і заклалі падмуркі беларускай дзяржаўнасьці.

Варта сюды дадаць і эйфарыю, недаацэнку ўнутраных рэзэрваў рэжыму, асобы Лукашэнкі, ягонай гатоўнасьці пайсьці на ўсё для захаваньня ўлады. Усё гэта (ігнараваньне небясьпекі з боку Крамля і эйфарыя) прывяло да таго, што цягам году-двух адна за другой запускаліся ініцыятывы, якія былі заведама правальныя.

Цяпер гэта, як падаецца — у мінулым. Магчыма таму, што істотна зьмянілася каманда вакол Ціханоўскай, ці ўласны палітычны досьвед зьявіўся. Безумоўна, паўплываў і напад Пуціна на Ўкраіну.

І вось гэтае пераасэнсаваньне ролі Расеі ў дачыненьні да Беларусі вельмі важнае, калі казаць пра палітычную пазыцыю Ціханоўскай.

Што тычыцца дзейнасьці структураў, якія традыцыйна зьвязваюць з Ціханоўскай (Офісу, Пераходнага Кабінэту і Каардынацыйнай Рады), дык тут сытуацыя больш складаная, чым падаецца на першы погляд.

І я маю на ўвазе зусім ня нейкія ўнутраныя супярэчнасьці, спрэчкі ды разборкі ў структурах апазыцыі. Яны існавалі і ў Беларусі да 2020 году, і было б дзіўна, калі б зьніклі ў эміграцыі, дзе канфлікты шматкроць абвастраюцца (гэта ўласьціва практычна ўсім дыяспарам ва ўсе часы).

Беларусь — краіна, якая шмат у чым залежыць ад пазыцыі асноўных геапалітычных гульцоў. І галоўная праблема, якая стаіць перад прыхільнікамі дэмакратычнага выбару Беларусі вось ужо больш як тры дзясяткі гадоў фактычна з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 91-га — гэта нявызначаснасьць Захаду ў сваім стаўленьні да гэтай самай Незалежнасьці.

На словах нібыта ўсё ў парадку — ніхто з заходніх палітыкаў не выступае супраць існаваньня Беларусі як сувэрэннай краіны, ва ўсякім разе ў апошнія гады. Але такое адчуваньне, што існуе маўклівая згода на тое, каб Беларусь заставалася ў зоне інтарэсаў Масквы.

Зразумела, што гэта, у сваю чаргу, частка яшчэ большай геапалітычнай праблемы — стаўленьня Захаду да існаваньня Расеі як імпэрыі.

Цяпер ужо відавочна, што пры зусім іншых дзеяньнях, найперш Вашынгтону, Пуцін мог пацярпець паразу ўжо ў 2022 годзе (я маю на ўвазе якасна іншы ўзровень паставак Украіне зброі). Цяпер, падобна, такая магчымасьць у кароткатэрміновай і нават сярэднетэрміновай пэрспэктыве не праглядаецца. Пуцінскі рэжым можа замацавацца надоўга.

Але гэта не азначае, што сытуацыя ня зьменіцца ніколі. Яна можа зьмяніцца нечакана, пад узьдзеяньнем фактараў, якіх мы нават ня можам прадбачыць.

І вось у такой сытуацыі беларусы мусяць быць гатовыя абсалютна ясна і недвухсэнсоўна даць зразумець сьвету, што ніякіх саюзаў з Масквой яны мець не жадаюць. Ні з імпэрскай, ні з дэмакратычнай.

Ніякіх ні «саюзных дзяржаў», ні «мытных саюзаў», ня кажучы пра агульную сыстэму супрацьпаветранай абароны ці расейскія боегалоўки на нашай тэрыторыі.

Гэта мусіць быць ясна заяўлена, незалежна ад таго, які супердэмакратычны дэмакрат будзе ў Крамлі.

Але выходзіць трэба не з пустымі рукамі. Апанэнты расейскага вэктару разьвіцьця мусяць мець канцэпцыю бачаньня Беларусі і ў эканамічным, і ў сацыяльным, і ў культурніцкім, а галоўнае — у міжнародным палітычным аспэкце.

Пакуль што адзінай цэласнай канцэпцыяй такога кшталту, наколькі ведаю, ёсьць праграма «Вольная Беларусь», распрацаваная групай пад кіраўніцтвам Пазьняка — але гэта 2017 год, зразумела, што яна мусіла б быць дапрацавана з улікам новых рэаліяў. Вось, між іншым, падстава для аб’яднаньня, ці адна з падставаў. Могуць быць і іншыя падыходы.

Усё гэта, лічу,трэба абмяркоўваць. Лепш самыя гарачыя вострыя дыскусіі, чым «халодная вайна».

Можа быць, галоўнае, што я вынес з уласнага амаль ужо саракагадовага палітычнага досьведу — гэта тое, што трэба быць гатовым для зьменаў у любы момант. Вось напэўна самы красамоўны прыклад.

Сярэдзіна жніўня 1991 году, старшыня ВС Дземянцей заяўляе, што едзе ў Маскву на падпісаньне новай Саюзнай дамовы (так званы гарбачоўскі «абноўлены Саюз»).

Мы зьбіраемся ў нашым пакоі № 363 на трэцім паверсе Дому ўраду, замацаваным за Апазыцыяй БНФ. Настрой сумны: больш як год мы напрацоўвалі законапраекты для Незалежнасьці, зрабілі канцэпцыю эканамічнай рэформы, і цяпер усё — кату пад хвост. Усё, як і раней, будзе вырашаць Масква.

Калегі адзін за другім робяць прагнозы, колькі ж гэтая «абноўленая» імпэрыя зможа пратрымацца. Здаецца, Ўладзімер Заблоцкі кажа пра два-тры гады, Пазьняк жа пераконвае, што ня больш як год-паўтара.

Я пакуль не ўступаю ў спрэчку, бо нельга спрачацца з відавочным абсурдам: якія два гады, які год?! У свой час лічылі, што бальшавікі доўга не пратрымаюцца, а вось ужо хутка 74 гады камуністычнай уладзе. 10 гадоў — самы аптымістычны прагноз. Каб не выглядаць зусім ужо песымістам, кажу пра пяць.

Праз тыдзень у Маскве адбываеца праімпэрскі путч, а яшчэ праз некалькі дзён наш Вярхоўны Савет галасуе за Незалежнасьць. Скарыстаўшы тыя нашыя напрацоўкі, якія яшчэ зусім нядаўна здаваліся безнадзейнымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(88)