Навумчык: Рашэньне скараціць структуры Дзярждэпартамэнту, зьвязаныя з правамі чалавека, не на карысьць іміджу ЗША

Публіцыст — пра падтрымку ЗША тых, хто змагаўся за вольную і дэмакратычную Беларусь.

Сяргей Навумчык

— Рашэньне скараціць структуры Дзярждэпартамэнту, зьвязаныя з правамі чалавека — на маё перакананьне, не ідзе на карысьць іміджу ЗША як краіны, якая дзесяцігодзьдзямі вылучала выкананьне правоў чалавека як адзін з галоўных крытэрыяў дэмакратычнасьці той ці іншай краіны, дамагалася панаваньня прававых нормаў, а не таго, што ў нашых шыротах атрымала назоў «паняцьцяў», — піша Сяргей Навумчык.

— Парушэньне правоў чалавека — ня ўнутраная справа дзяржаваў! Гэта той цывілізацыйны пастулат, які ўдалося засвоіць шмат у чым дзякуючы і пазыцыі ЗША як лідэра свабоднага сьвету.

Мяняліся прэзыдэнты, але лёс вязьняў сумленьня, дысыдэнтаў, змагароў за чалавечыя правы быў першым нумарам у сьпісе тэмаў на іх перамовах з гаспадарамі Крамля, пачынаючы ад Брэжнева.

ЗША нязьменна выступалі супраць беззаконьня, супраць парушэньня чалавечых і рэлігійных свабодаў, прынцыпу свабоды слова.

Гэта было важна ўжо ў першыя гады беларускай Незалежнасьці, калі такіх парушэньняў практычна не было (да 1994 году) — сьведчу гэта як сакратар і член Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаньнях галоснасьці, СМІ і правах чалавека (нагадаю, што яшчэ не існавала ні Беларускага Хэльсінскага камітэту, ні ПЭН-цэнтру, ні «Вясны»).

Стандарты, якія ўтрымліваліся ў адпаведных дакумэнтах Дзрждэпартамэнту ЗША, былі вельмі каштоўныя для нас, дэпутатаў і экспэртаў, пры распрацоўцы заканадаўства, якога ў колішняй БССР проста не існавала.

Нам давялося пісаць законы «з нуля». І хаця пры Лукашэнку яны былі пераробленыя (як, напрыклад, Закон аб свабодзе веравызнаньняў) — у будучай дэмакратычнай Беларусі, перакананы, да іх вернуцца.

Цягам больш як 30 гадоў дыктатуры Лукашэнкі пазыцыя ЗША адносна парушэньня рэжымам правоў чалавека заставалася непахіснай.

Яна не магла кардынальна паўплываць на дзеяньні прамаскоўскага рэжыму, але, безумоўна, паспрыяла вызваленьню пэўнай колькасьці палітычных вязьняў, стрымліваньню да 2020 году, хаця б у нейкай ступені, мэханізму тэрору супраць беларусаў.

Нельга пераацаніць і штогадовыя справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША ў справе выкананьня правоў чалавека ў сьвеце, дзе кожнай краіне давалася аб’ектыўная ацэнка. Вельмі важна, што ў ліку парушэньняў у Беларусі называліся і пазбаўленьне беларусаў права на адукацыю на сваёй мове, перасьлед за ўжываньне беларускай мовы.

Усё гэта было падтрымкай тым, хто змагаўся і змагаецца за вольную і дэмакратычную Беларусь.

Вельмі, вельмі шкада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)