Я быў усхваляваны тым, што ў Беларусі таксама ёсць дух свабоды сярод людзей, незважаючы на брутальныя разгоны.
Запомніўся эпізод, калі Лукашэнка прыехаў на МЗКТ і яму крычалі «Уходи!»
Марк Немчук — студэнт Украінскага каталіцкага ўніверсітэту. Беларуссю зацікавіўся яшчэ ў школе.
— Ведаў, што там дыктатура Лукашэнкі, але не вельмі паглыбляўся ў дэталі, як яна ўзнікла. Ведаў пра рэпрэсіі, пра забойства былога міністра ўнутраных спраў Захаранкі, якога катавалі і забілі «эскадроны смерці», — распавядае суразмоўца (пераклад з украінскай на беларускую — «С»). — Актыўна цікавіцца Беларуссю пачаў пасля масавых пратэстаў 2020 года. Гэта мяне захапіла.
Ніколі не думаў, што ў краіне, якая пад кантролем сілавікоў і кадэбэшнікаў, можа такое адбыцца. Калі быў Майдан ва Украіне, я быў дзіцём, і для мяне гэтыя падзеі былі зразумелыя, а тут — сотні тысяч людзей выходзяць, і я быў здзіўлены, што яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта было вельмі кранальна.
Я быў усхваляваны тым, што ў Беларусі таксама ёсць дух свабоды сярод людзей, незважаючы на брутальныя разгоны.
Запомніўся эпізод, калі Лукашэнка прыехаў на МЗКТ і яму крычалі «Уходи!»
Я шчыра спадзяваўся, што пратэсты скончацца перамогай народа. Вельмі ў гэта верыў, таму што бачыў кадры, калі людзі збіраліся перад парламентам, там стаялі сілавікі, і ім у шчыты ставілі кветкі, і былі выпадкі, калі абдымаліся з імі.
Я тады падумаў: вось яднанне ўсіх людзей паміж сабой. Спадзяваўся, што хутка ўсё скончыцца. Але тое было на пачатку пратэстаў, і магчыма, тыя сілавікі былі маладыя і сапраўды верылі, што ўсё можа скончыцца хутка. Але на жаль, сталася іначай.
Марк не ведаў ніводнага беларуса, пакуль паўгода таму не прыйшоў у музей вольнай Беларусі ў Львове, якім кіруе Аляксей Францкевіч.
— Мяне запрасіла мая знаёмая Хрысціна Янчык, якая таксама актыўна цікавілася Беларуссю. Здзівіла тое, што Аляксей добра размаўляе па-беларуску. Мне здавалася, што такіх людзей меншасць. Але, як выявілася, такіх беларусаў багата. І гэта цешыць. Схіляюся да думкі, што пасля 2020 года пачалося моўнае адраджэнне беларусаў — як форма пратэсту.
— Калі пачалося паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, і Беларусь стала краінай-суагрэсарам, якое тады было сярод моладзі стаўленне да беларусаў? Ці атаясамлівалі яны рэжым Лукашэнкі і беларускі народ?
— Людзі часта спрашчаюць атрыманую інфармацыю. З боку Беларусі паехалі расійскія танкі — то лагічна, што людзі кажуць, што беларусы — такія ж ворагі, і яны нічым не адрозніваюцца ад расіян.
Людзі не заўжды маюць час разбірацца ў палітыцы, што сумна, але факт. Адпаведна яны атаясамлівалі расіян з беларусамі, што яны такія самыя захопнікі і рашысты. Людзі зазвычай не разбіраюцца, хто харошы беларус, а хто дрэнны — усе беларусы аднолькавыя.
Я разумею, што людзі, якія жывуць у адной краіне і якіх каля 10 мільёнаў, не могуць быць усе аднолькавыя.
Ці мяняецца грамадская думка праз тры гады з пачатку паўнамаштабнай вайны, мне складана сказаць, бо не праводжу сацапытанняў. Паводле маіх назіранняў — не моцна мяняецца.
Як мы гаварылі з Аляксеем Францкевічам, шмат хто з беларусаў ва Украіне не хочуць называць сябе беларусамі, ім прасцей сказаць, што яны ўкраінцы ці расейцы, ці іншай нацыянальнасці. Адпаведна голас беларусаў ва Украіне слабы сёння. Час ад часу сітуацыя мяняецца, калі, на жаль, гінуць беларускія добраахвотнікі. Тады нехта задумваецца, можа, не ўсё так проста, але гэта мае кароткачасовы эфект.
— Што, на вашую думку, варта зрабіць беларусам, каб іх голас гучаў мацней ва Украіне?
— Я лічу, што па-першае, беларусам трэба называць сябе беларусамі. Па-другое, казаць, што мы не такія, як расіяне. І трэцяе — аб’ядноўвацца вакол нацыянальнай ідэі. Калі беларусы не будуць самі гэта рабіць, ім ніхто не дапаможа. Мы не можам пастаянна дапамагаць іншым, як ніхто не будзе дапамагаць нам, калі мы самі за сябе не змагаемся.
Калі беларусы будуць яднацца вакол чагосьці, напрыклад, як Аляксей стварыў музей вольнай Беларусі ў Львове — гэта цудоўная ідэя, якая можа развівацца ў будучым. Калі людзі не будуць у гэта верыць, не будуць нічога для гэтага рабіць, то беларусам ва Украіне не ўдасца нічога зрабіць, як і ў іншай краіне, як і іншаму народу, які не будзе яднацца і нічога не робіць для сваёй дзяржавы, людзей.
Марк прыводзіць у прыклад яўрэяў, якія заўсёды былі ў супольнасці, намагаліся захоўваць уласную культуру, заўжды дапамагалі сваім.
— Калі людзі будуць яднацца, разважаць, што можна, што добра, што падабаецца ці не ў дзяржаўным кіраванні — тады гэта будзе мець сэнс і беларусы будуць мець голас ва Украіне.
— На пачатку паўнамаштабнага ўварвання беларусы, якія жывуць ва Украіне, баяліся называцца беларусамі, каб не было на іх ціску.
— Калі ты хочаш рабіць штосьці добрае — не трэба баяцца гэтага. На маю думку, няма прычын баяцца і казаць, што ты беларус і ты за Украіну і за тое, каб падтрымліваць сваю нацыянальную беларускую ідэю. Але ты не можаш быць сёння дома ў Мінску, Гомелі ці іншым горадзе, бо цябе арыштуюць, заб'юць, пасадзяць — пра гэта трэба казаць.
— Ці адрозніваюць ва ўкраінскіх медыях і ў грамадстве беларусаў і лукашыстаў?
— Складанае пытанне. Я б сказаў, хутчэй не, чым так, таму што усё упіраецца ў тое, што украінцы не давяраюць расіянам, а багата расійскіх вайскоўцаў знаходзілася ў Беларусі, то іх успрымаюць як пасобнікаў суагрэсараў.
Я разумею, што ўсе апазіцыйныя рухі задушылі і многіх людзей, якія выступалі супраць агрэсіі, пасадзілі. Вялікі кантроль сілавых структур унутры краіны. І хоця я гэта разумею, для мяне як для ўкраінцы сумна тое, што беларусы не спынілі расійскія танкі і сталіся такія жахлівыя падзеі, як забойствы ў Бучы.
Нядаўна палітклуб Украінскага каталіцкага ўніверсітэту, у якім я ўдзельнічаю, разам з фондам «Вільна Білорусь» праводзілі падзею да Дня Волі. Гаварылі пра гісторыю Беларусі, сучасныя выклікі, будучыню і шляхі супрацы з Украінай. Былі запрошаныя гісторык Андрэй Радаман і публіцыст Сяргей Навумчык.
Людзей было небагата. Я разумею, што беларуская тэма не выклікае вялікага інтарэсу, але тыя, хто прыйшлі, слухалі ўважліва.
Прыйшла на гэтае мерапрыемства ўкраінская студэнтка, якая спытала: «Чаму я мушу ставіцца да беларусаў добра, калі яны прапусцілі расійскія танкі?». І беларускі добраахвотнік, які прысутнічаў на сустрэчы, выбачыўся перад украінцамі. Ён патлумачыў, што калі мы не будзем ставіцца да беларусаў як да тых людзей, якія таксама змагаюцца за сваю свабоду, то сумныя і трагічныя падзеі могуць паўтарыцца.
Як і я, студэнтка была задаволена адказам, шакаваная, але ўдзячная. Гэта быў вельмі шчыры момант.
Пагаджаюся з думкай, што калі ўкраинцы не будуць узаемаемадзейнічаць з апазіцыйнымі беларусамі, якія супраць Лукашэнкі, то гэта можа зноў адбыцца. Без разумення і зацікаўленасці беларусаў ва ўкраінцах і наадварот нічога не выйдзе.
Я згодны, што калі не будзе вольнай Беларусі, ва Украіне и Еўропе агулам будуць вялікія праблемы з бяспекай. Таму што Расія краіна вялікая і мае велічэзныя рэсурсы.
Калі б мы маглі разам стварыць моцны усходні шчыт Еўропы, гэта было б цудоўна для ўсіх.
— Якімі вы бачыце стасункі Украіны і Беларусі пасля таго, як вайна скончыцца?
— Гэта добрае пытанне і складанае. Бо невядома, што будзе пасля вайны. Калі ўявіць, што вайна скончылася поўнай перамогай Украіны і мы вызвалілі ўсе нашы тэрыторыі, рэжым Лукашенкі разбураны і ў Беларусі пачаліся дэмакратычныя змены — я цалкам дапускаю партнерскія і сяброўскія адносіны, калі мы зможам добра пракамунікаваць з абодвух бакоў.
Магчыма, мы маглі б стварыць альянс, вайсковы ў тым ліку, бо ў нас супольныя інтарэсы могуць быць у залежнасці ад таго, як скончыцца вайна.
Калі ў нас будуць супольныя інтарэсы, то я асабіста не бачу прычын, каб мы не ўзаемадзейнічалі з беларусамі на розных узроўнях. Але вядома, то не будзе як у савецкія часы, калі мы называлі адзін аднаго братамі.
Братоў у нас няма. Ёсць толькі сябры. А сябры альбо прыходзяць, альбо сыходзяць, як мы ведаем.
Хацелася б каб беларусы больш распавядалі пра сябе, пра сваю гісторыю, шанавалі яе. Я, напрыклад, вельмі цікаўлюся ўкраінскай гісторыяй і люблю яе, якой бы яна ні была. Гэта патрэбна, каб не паўтараць памылкі мінулага і браць добрае, што там працавала, але чамусьці было зламанае праз нейкія абставіны.
Калі мы будзем ведаць гісторыю, рэфлексаваць, магчыма, па-новаму інтэрпрэтаваць, думаю, мы маглі б знайсці агульныя карані. Галоўнае — умець рэфлексаваць і выбачацца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное