Филин

Сяргей Васілеўскі

«Памяць пра натхняльныя падзеі жніўня 2020-га ў нас ніхто не адбярэ – ні Лукашэнка, ні ягоныя карысныя дурні»

Колькі словаў да пяцігоддзя знакавых падзей.

Пратэсты ў ноч на 10 жніўня 2020-га

Ад падзеяў гарачага жніўня 2020-га мінула пяць гадоў. У гістарычным вымярэнні гэта нішто, чаго не скажаш пра наша кароткае чалавечае жыццё.

Гэтым можна рацыянальна патлумачыць крытыку людзей, якія сёння кажуць: «мы прайгралі», «не варта было пачынаць», «а можа, калі б…»

За гэтыя пяць год наша краіна апынулася ў новай рэальнасці, якая з кожным днём усё больш нагадвае пра найгоршыя старонкі з гісторыі жыцця ў СССР.

Фактычна, усе гэтыя гады не спыняюцца спробы вярнуць мільёны чалавек у савецкае мінулае — з прымусовай працай па размеркаванні, усюдыіснымі палітрукамі і даносчыкамі, суботнікамі і моладзевымі будоўлямі.

І бясконцым паразітаваннем на памяці пра мінулую вайну. У час, калі сама Беларусь, стараннямі ўладанага рэжыму, фактычна балансуе на парозе новага крывавага закалота.

Сотні тысяч беларусаў за гэтыя гады паспелі змяніць па некалькі краінаў і чужых кутоў. Пражыўшы іх у бясконцых працэдурах легалізацыі. І з кожным днём, праведзеным на чужыне, колькасць тых, хто некалі вернецца дамоў, будзе раставаць на вачах.

Мусім памятаць пра тых, хто не перажыў гэтыя пяць год — у турмах і пасля іх, ва ўласных кватэрах — не вытрымаўшы цяжару жыцця ў чаканні грукату ў дзверы.

Мусім даць час, каб прыйсці ў сябе і прызвычаіцца да новай рэальнасці тым, хто гэтыя пяць год правёў у няволі. І медыйным вязням, і шараговым актывістам.

Што мы мусім зразумець — гэтая гісторыя не скончаная. Хоць бы таму, што і праз пяць год беларусам забараняюць размаўляць пра тыя падзеі нават на кухнях. Тым, хто сёння вымушана жыве за мяжой, пагражаюць удзелам у акцыях да 9 жніўня. Ці робяць так пераможцы, тыя, хто «перагарнуў старонку»?

Пяць гадоў дастаткова, каб канчаткова ўсвядоміць, што нашыя перамены не наступяць хутка. Так, гэта аднолькава балюча і для тых, хто з’ехаў 4-5 год таму ў надзеі, што ўсё гэта «толькі на месяц», што хутка ўсё зменіцца. І для тых, хто застаўся з рызыкай для свабоды па тых жа прычынах.

Натуральна, балюча ад разумення, што сёння, у дадзены момант, такія чаканыя перамены нават не праглядаюцца на гарызонце. Як і любыя хоць колькі ўцямныя перспектывы.

І ў такой сітуацыі няма іншага выйсця, як рабіць тое самае, што і раней. Вучыць мовы, не забываючы пра родную, гісторыю. Вучыць і выхоўваць дзяцей. І падтрымліваць адзін аднаго, тых, каму цяжэй, чым нам сёння.

І ведаць, што памяць пра натхняльныя падзеі жніўня 2020-га ў нас ніхто не адбярэ. Ні Лукашэнка, ні ягоныя карысныя дурні. Толькі, калі мы самі ад яе не адмовімся. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)