80

Андрэй Карась

«Партызанка ў любой краіне – гэта тое, што адбываецца за кошт мясцовага насельніцтва»

Як ставіцца да савецкіх партызан, якія змагаліся ў Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны? Гэтую тэму абмеркавалі падчас круглага стала, які зладзіў Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

«Калі казаць выключна пра ацэнку баявой дзейнасці, то відавочна, што лічбы, якія даюцца савецкай і постсавецкай літаратурай, нічога блізкага з рэальнасцю не маюць»

Гісторык Уладзімір Лобач распавёў, што яму казалі жыхары вёсак пра савецкіх партызан:

– Ва ўспамінах людзей наратывы дзеляцца прыблізна папалам. Адна палова пра партызан выказваецца або нейтральна, або пазітыўна. Прычым абсалютна шчыра, без ідэалагічных замарочак.

Другая палова кажа пра гвалт, рабункі, забойствы з боку партызанаў у дачыненні да мірнага насельніцтва. Таму я не стаў бы рабіць акцэнт толькі на мінусах, ці толькі плюсах. Гэтая тэма патрабуе яшчэ дэтальнага разбору, чаго на сёння ўсё яшчэ не зроблена.

Калі казаць выключна пра ацэнку баявой дзейнасці, то відавочна, што лічбы, якія даюцца савецкай і постсавецкай літаратурай нічога блізкага з рэальнасцю не маюць.

Знішчыць паўмільёна нямецкіх жаўнераў і калабарантаў… Аднак і ацэнкі нямецкіх даследчыкаў – ад 35 да 75 тысяч знішчаных акупантаў і калабарантаў – гэта не такая малая лічба, як можа падацца. Варта пачытаць успаміны таго ж Алеся Адамовіча, каб зразумець, чаго быў варты кожны нямецкі салдат, як гэта (яго знішчэнне – С.) цанілася ў той час.

Я лічу, што гісторыя беларускай партызанкі яшчэ чакае свайго аб’ектыўнага даследавання.

«Так ці інакш людзі з лесу павінны выжываць за кошт іншых»

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі распавёў, што яго здзівіла, калі ён нядаўна трапіў у сусветна вядомы музей авіацыі ў Сіэтле:

– Там ёсць вялікі раздзел пра Другую сусветную вайну. І што мяне ўразіла: ёсць асобны блок пра партызан Беларусі. То бок гэта з’ява ўвайшла ў агульны наратыў Другой сусветнай вайны.

Гісторык адзначыў:

– Партызанка ў любой краіне – гэта тое, што адбываецца за кошт мясцовага насельніцтва. Так ці інакш людзі з лесу павінны выжываць за кошт іншых людзей, што нараджае канфлікты. Беларускія партызаны тут не былі выключэннем. У цэлым гэтая тэма толькі чакае паўнавартаснага даследавання.