Общество

«Пратрымалі тры гадзіны, далі паперу па-грузінску»

Гісторыю яшчэ аднаго беларуса, якога не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарана», публікуе Радыё Свабода.

Зьміцер Грынкевіч, фота з прыватнага архіву

Відэаблогер і актывіст Зьміцер Грынкевіч кажа, што пражыў у Батумі два гады, ніякіх праблемаў з грузінскімі ўладамі ня меў.

Зьмітру Грынкевічу нядаўна споўнілася 50. Яго гісторыя падобная да гісторыяў тысяч беларусаў, якія сутыкнуліся зь перасьледам пасьля пратэстаў 2020 году. А зь нядаўняга часу і да гісторыяў грамадзян Беларусі, якія не змаглі вярнуцца на часовае месца жыхарства ў Грузіі, куды пераехалі празь перасьлед на радзіме.

— У мяне зараз адна кашуля і адны нагавіцы, — расказвае ў размове з Свабодай Зьміцер Грынкевіч. — Нават няма ўва што пераапрануцца. Усё засталося ў Батумі, у арандаванай кватэры. Выйшаў у салён сувязі, каб з вамі пагаварыць. Digihub называецца, яны мне дапамаглі. Спыніўся ў гостэле, але там нязручна размаўляць, то мусіў выйсьці. Мне крыху зараз даслалі на картку грошай, то, здаецца, пакуль маю на што жыць. Але я не ведаю нават, колькі там, не магу паглядзець балянс.

«Папрасілі пачакаць, ніхто нічога не тлумачыў»

Непрыемныя прыгоды пачаліся ў Зьмітра 8 траўня на памежным пункце пропуску Садахла, які падзяляе Грузію і Арменію. Беларус разам са знаёмым выбраўся на чарговы так званы «візаран» — кароткі выезд за межы Грузіі з мэтай абнуленьня гадавога побыту на тэрыторыі краіны. Зьміцер кажа, што гэта быў яго другі «візаран» пасьля пераезду ў Батумі. Першы раз год таму ніякіх праблемаў не ўзьнікла. Цяпер яны пачаліся ўжо падчас выезду з Грузіі.

— Выпускалі мяне таксама не зусім без праблем, — расказвае Зьміцер. — Мой кампаньён прайшоў кантроль адразу, а мяне пяць хвілін патрымалі, потым прапусьцілі. Нічога мне не казалі, проста папрасілі пачакаць. Іншых прапускалі, а я стаяў чакаў. 8 траўня гэта было. Мяжа там пешаходная. Я па мосьце пешшу з Грузіі пайшоў у Армэнію, там некалькі хвілінаў пабыў, сустрэў свайго кампаньёна і мы назад пайшлі. Ён першы, я за ім.

Пункт пропуску на мяжы Грузіі і Армэніі, ілюстрацыйнае фота

На кантролі спачатку ўсё выглядала звычайна, працягвае аповед пра свае прыгоды Зьміцер. Яму задалі стандартныя пытаньні — чым займаецца, чаму ня мае дазволу на жыхарства ў Грузіі, куды едзе.

— Папрасілі пачакаць, ніхто нічога не тлумачыў, — гаворыць Зьміцер. — Чаканьне расьцягнулася на тры гадзіны. Прыйшлося выбіваць паход у прыбіральню. Спачатку мякка прасіў. Потым сказаў: «Мне што, вось тут перад вамі ўсё зрабіць? ». Тады пачалі пускаць. За гэтыя тры гадзіны яны мне нічога не сказалі. Сядзіце, чакайце. Спытаў, у чым праблема. Мне адказалі, што яны нічога ня ведаюць.

У выніку да Зьмітра выйшаў яшчэ адзін супрацоўнік пункту памежнага кантролю, адвёў яго ўбок, паведаміў пра запіс размовы і расказаў, што беларусу адмоўлена ва ўезьдзе на тэрыторыю Грузіі. Таксама яму далі дакумэнт на грузінскай мове, аддалі пашпарт бязь нейкіх дадатковых забараняльных адзнак і папрасілі вярнуцца на тэрыторыю Армэніі.

— Я пайшоў назад, але ж я разумеў, што ў Армэніі буду нават бяз сувязі адразу, — узгадвае Зьміцер. — Зайшоў за рог на нэўтральнай паласе. Так, каб мяне не было відаць з грузінскага боку. Сеў і пачаў перапісвацца з праваабаронцамі, юрыстамі. Відэа зьняў там на месцы для свайго каналу. Думаў, што рабіць. Пасьля пайшоў у Армэнію, паехаў у Ерэван. Армянскія памежнікі амаль ні пра што не пыталіся. Толькі сфатаграфавалі сабе паперу, якую мне далі грузіны.

Зь Беларусі Зьміцер Грынкевіч зьехаў у 2023-м. Паходзіць зь Берасьцейшчыны. Прычынай ад’езду стала цікавасьць з боку сілавікоў, апошняй кропляй стаў іхны візыт дадому да актывіста. Зьміцер расказвае, што спачатку спрабаваў атрымаць польскую візу і выехаць у гэтую краіну, аднак калі зрабіць гэтага ня змог, выйсьцем стаў ад’езд у Грузію, дзе ўжо жылі знаёмыя беларусы.

— 2 чэрвеня 2023 году я прыехаў у Грузію, — расказвае Грынкевіч. — Выехаць адсюль далей я ўжо не спрабаваў. І няпроста было, і іншыя акалічнасьці ўзьніклі. Пасяліўся ў Батумі. У мяне астма зь дзяцінства, а тут на ўзьбярэжжы я забыўся, што гэта такое. Гэта важны для мяне момант. Хадзіў тут у Батумі на беларускія акцыі, выкладваў відэа адтуль у блог. У Беларусь я ўжо не магу паехаць дакладна.

Зьміцер прызнаецца, што ня ведае прычынаў забароны на ўезд у Грузію. Пра яе беларус можа толькі здагадвацца. Пра грузінскія падзеі ў блогу ён не расказваў, у Батумі жыў сьціпла, гандляваў беларускімі рэчамі, удзельнічаў у арганізацыі беларускіх і ўкраінскіх акцыяў.

— Усе мае відэа па-беларуску, грузінам там складана разабрацца, — мяркуе Зьміцер. — Адзінае — я расказваў там пра выпадак спадара Мялешкі, якога таксама не пусьцілі назад у Грузію, дзе ён жыў зь сям’ёй. Усё, што меў, засталося ў Батумі. Што мне зараз рабіць, пакуль ня ведаю. Ці спрабаваць усё ж выехаць у Польшчу, ці заставацца ў Армэніі. Кажуць, тут можна ўсё ж атрымаць прытулак. Пакуль ня вырашыў.

На тэрыторыі Армэніі Зьміцер можа легальна знаходзіцца 180 дзён, пасьля гэтага яго абавяжуць выехаць з краіны. Свабода накіравала ў Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі запыт аб прычынах адмовы на ўезд Зьмітра Грынкевіча на тэрыторыю Грузіі і агулам аб тым, як часта беларусы зараз сутыкаюцца з такой праблемай. Мы апублікуем адказ пасьля атрыманьня.

Дзясяткі выпадкаў кожны год

Праваабаронца, намесьнік кіраўніка аб’яднаньня «Беларусы Аджарыі» Раман Кісьляк у размове з Свабодай кажа, што ўжо ведае пра гісторыю Зьмітра Грынкевіча. Зь яго словаў, Грынкевіч далёка не адзіны.

— Такіх выпадкаў дзясяткі, — расказвае Раман. — Публічных менш, адзінкі. І нашмат больш, вядома, адмаўляюць ва ўезьдзе грамадзянам Расеі і Украіны. Але апошнім часам трапляюць і беларусы. Часам іх прапускаюць, але, так скажам, «кіпіш» на мяжы здараецца рэгулярна. І я ня ведаю пра выпадкі, калі б беларусам адмовілі ва ўезьдзе ў Грузію, а яны змаглі ўсё ж гэта зрабіць празь нейкі час. Магчыма, такія выпадкі ёсьць, але яны невядомыя. Магчыма, такая імавернасьць зьяўляецца праз некалькі гадоў.

Раман Кісьляк, архіўнае фота

З словаў Рамана Кісьляка, адным зь першых вядомых выпадкаў нядопуску на тэрыторыю Грузіі беларуса быў выпадак Яўгена Гацака некалькі гадоў таму. Яго справа дагэтуль на разглядзе ў Вярхоўным судзе Грузіі, яна не завершаная.

— Грузія такім чынам выштурхоўвае людзей за свае межы, — дадае Раман Кісьляк. — Не даючы магчымасьці абскардзіць рашэньне. Што параіць, я ня ведаю. Але можна здагадацца аб гэтым загадзя.

Як правіла, такія праблемы ўзьнікаюць у людзей, якія трапілі ў пэўную базу грузінскіх сілавікоў. Калі памежнік бачыць, што чалавек там, ён інфармуе супрацоўніка дзяржаўнай бясьпекі Грузіі. Гэта можна зразумець ужо тады, калі чалавек выяжджае з Грузіі. На ім «завісае» база памежнікаў, і яны просяць пачакаць пэўны час.

Праваабаронца дадае, што апошняе слова ў прыняцьці рашэньня аб нядопуску на тэрыторыю краіны менавіта за спэцслужбамі. Выпадкі, калі на кімсьці зь беларусаў «завісала» памежная сыстэма праверкі пашпартоў, але чалавека ў выніку ўсё ж прапускалі ў Грузію, таксама вядомыя. Раман Кісьляк раіць прасіць прытулку, калі чалавек ужо зразумеў, што праблемы падчас выезду магчымыя, але ён яшчэ знаходзіцца на грузінскай тэрыторыі.

— Існуюць выпадкі, калі не ратуе нават грузінскі дазвол на жыхарства, — расказвае Раман Кісьляк. — Вядома, гэта кожны раз вялікі стрэс для людзей. Актывісты, палітыкі, журналісты — ім цяжка. Калі яны трапляюць у такія базы, то гэта пастаянны стрэс. Усе стрэсуюць. Я не скажу, што гэта вельмі масава. Людзі выяжджаюць і вяртаюцца тысячамі. Але ўсё ж дзясяткам чалавек у год адмаўляюць.

Раман Кісьляк таксама зьвяртае ўвагу, што права на ўезд у чужую краіну ў міжнародным праве не існуе. Яно можа зьявіцца толькі тады, калі чалавек просіць прытулку.

— Зараз рыхтуецца законапраект, які павінен упарадкаваць працэдуру, — расказвае Раман Кісьляк. — Раней нэўтральная паласа была такой шэрай зонай. Туды не дапускалі адвакатаў, часта ігнаравалі правы людзей. Зараз плянуецца гэта упарадкаваць. У гэтым пляне новы закон, магчыма, палепшыць становішча. Будзе магчыма на нешта спасылацца, неяк абскарджваць.