Общество

«Рэпрэсіўны механізм»: каментар 18-гадовага стаў падставай для крымінальнай справы

Праваабаронца распавёў Вясне пра ўвядзенне крымінальнай адказнасці за адмаўленне генацыду.

Як паведаміла восьмага снежня пракуратура Магілёўскай вобласці, у Магілёве быў затрыманы 18-гадовы мясцовы жыхар за каментар у тэлеграм-чаце.

Хлопцу выставілі абвінавачванне за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса) і змясцілі пад варту. Яму пагражае да пяці гадоў зняволення.

Праваабаронца і юрыст «Вясны» Павел Сапелка, каментуючы сітуацыю, адзначыў, што такая норма крыміналізуе гістарычныя дыскусіі і можа выкарыстоўвацца як інструмент абмежавання свабоды меркавання.

Згодна з матэрыяламі справы, 18-гадовы жыхар Магілёва «адмаўляў агульнавядомыя гістарычныя факты, у прыватнасці, планамернае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і само існаванне генеральнага плана «ОСТ» нацысцкай Германіі».

Як адзначае Павел Сапелка, адказнасць паводле арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса Беларусі выглядае несувымернай мерай, бо фактычна выключае магчымасць свабоднай навуковай і грамадскай дыскусіі.

— Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», які ўступіў у сілу 22 студзеня 2022 года, першапачаткова падаваўся як інструмент гістарычнай справядлівасці. Аднак ён быў ініцыяваны з выразным палітычным пасылам і падтрыманы афіцыйнай рыторыкай.

Перыяд з 1941 па 1951 год у законе трактуецца вельмі шырока, што стварае дадатковыя спрэчкі. Вызначэнне «беларускага народа» праз «савецкіх грамадзян, якія пражывалi на тэрыторыі БССР», звужае гістарычную перспектыву і ігнаруе складанасць тых падзей.

Злачынствы нацыстаў і іх памагатых — бясспрэчны факт, але юрыдычнае абвяшчэнне іх генацыдам без адкрытай незалежнай экспертызы выклікае пытанні, — тлумачыць хібы Закона юрыст.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што ўвядзенне крымінальнай адказнасці за адмаўленне генацыду ў такіх умовах выглядае хутчэй інструментам кантролю, чым абароны гістарычнай памяці.

— Пакаранне да дзесяці гадоў пазбаўлення волі за выказванне меркавання — несувымерная і празмерна жорсткая санкцыя. Закон фактычна выключае магчымасць крытычнай інтэрпрэтацыі гісторыі. Такі падыход супярэчыць міжнароднай практыцы, дзе гістарычныя дыскусіі звычайна не крыміналізуюцца.

Дыскусійныя і неадназначныя палажэнні ў Законе робяць яго змястоўна няспелым. Увядзенне крымінальнай адказнасці адначасова з прыняццем Закона фактычна пазбаўляе грамадства права на дыялог. У выніку арт. 130-2 КК становіцца не абарончым, а рэпрэсіўным механізмам.

Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», хоць і больш якасна распрацаваны з пункту гледжання юрыдычнай тэхнікі, таксама крытыкуецца за расплывістыя фармулёўкі. Замест рэальнай барацьбы з нацызмам і неанацызмам гэтыя законы ператварыліся ў інструмент супраць іншадумства.

Нагадаем, тэму «генацыду беларускага народа» ўлады пачалі актыўна прасоўваць каля чатырох гадоў таму. У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Праваабаронцы крытыкавалі гэты Закон у кантэксце свабоды выказвання меркавання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)