Общество

Марына Міхайлава

«Спадзяюся, бонусам плюс дзесяць год «выдаецца» і прыезжым»

Сіняе неба круглы год, арэнда з «падсяленнем», правыя настроі і пазітыў, які пераважвае. «Салідарнасць» распытала беларуску пра асаблівасці жыцця ў Іспаніі.

Хрысціна (імя суразмоўцы змененае — С.) прыехала з Беларусі ў Іспанію задоўга да 2020 года. Закахалася ў краіну, мора і мужчыну — і засталася. У вялікай гутарцы з «Салідарнасцю» беларуска распавяла, ці не шкадуе пра зроблены выбар, чаму Іспанія пасуе не ўсім і па чым больш за ўсё сумуе (не, гэта не бабруйскі зефір).

— Мы з будучым мужам пазнаёміліся банальна: падчас адпачынку, у спортзале, — згадвае беларуска. — Пэўны час сустракаліся на дзве краіны, потым пажаніліся.

Прычым муж быў гатовы жыць у Беларусі, ён быў у нашай краіне, яму вельмі падабаецца беларуская культура, наогул чамусьці іспанцы пяшчотна любяць Усходнюю Еўропу. Але ўсё ж абралі Іспанію, бо перавагі відавочныя. Тут прыгожа, смачна, мора, горы, людзі вясёлыя, хоць часам вельмі гучныя, і ў лютым сіняе неба, як і ўсе астатнія дні года…

Пляж у Валенсіі. Тут і далей — ілюстрацыйныя выявы. Фота: visitvalencia.com

«Вечная маньяна, вечная сіеста, яны нікуды не спяшаюцца»

Хрысціна легалізавалася ў краіне, хоць падчас ковіду і з улікам мясцовай бюракратыі гэта ўзяло шмат часу, і вывучыла іспанскую — кажа, пасля французскай і англійскай было нескладана.

Для тых, хто лічыць, абапіраючыся на свой турыстычны досвед: я валодаю англійскай і гэтага хопіць, каб пражыць у Іспаніі — у мяне дрэнныя навіны. Бо англійскай, у адрозненне ад суседняй Партугаліі, тут валодаюць хіба тыя, хто заняты ў турыстычным сектары, а іх няшмат.

Яшчэ, мабыць, маладое пакаленне ў Барселоне падтрымае гутарку на английскай. З астатнімі — па-іспанску, будзьце ласкавыя, усё ж гэтая мова другая па распаўсюджанасці ў свеце пасля кітайскай.

Так, ёсць свае адметнасці: у Каталоніі свая мова, у краіне Баскаў, у Галісіі, у Валенсіі, але мы жывем цяпер акурат у маленькім курортным гарадку пад Барселонай, і тут дастаткова добра ведаць агульную лексіку, каб усё было зразумела.

— Як наогул ставяцца да чужынцаў? У Беларусі прапаганда сцвярджае, што нас нідзе не любяць і не чакаюць…

— На мой погляд, беларусаў складана дзесьці чакаць, бо нас агулам няшмат, мы рэдкія экзэмпляры. Пасля 2022 года стаўленне да іншаземцаў відавочна змянілася, а да таго не было нічога кшталту «ты прыехаў са славянскай краіны, значыць, ты нейкі дрэнны». Бо ў Міжземнамор’я больш важныя пытанні былі і ёсць з іншымі імігрантамі — афрыканцамі, сірыйцамі, вялікай колькасцю нелегалаў з мусульманскіх краін.

Агулам, іспанцы вельмі прыязныя і цікаўныя. Аднак не трэба падманвацца: іхні пазітыў не персаналізаваны. То бок, калі вы абдымаецеся з іспанцам і песні спяваеце — не варта думаць, што вы найлепшыя сябры, гэта проста спосаб бавіць час.

Менталітэты, канешне, моцна адрозныя. Калі вы control freak і хочаце, каб усё адбывалася дакладна па раскладзе, у час — гэта не пра Іспанію. Тут насамрэч вечная маньяна (mañana — гэта «заўтра», але можа быць і «калі-небудзь потым»), вечная сіеста, яны нікуды не спяшаюцца.

Вуліцы іспанскіх гарадоў падчас сіесты пусцеюць. Фота: escape.com

Гэта мы прызвычаіліся нават на пляжу ляжаць і думаць пра справы, заўжды як курыца без галавы насіцца — а тут ты можаш стаяць паўгадзіны ў маленькай чарзе ў краме, таму што касірка завяла размову з пакупніцай, а што гэта за новая каўбаса ў нас, трэба і мне ўзяць пакаштаваць, а я ведаю вось такі класны рэцэпт.

Звыкнуць да гэтага ў мяне так і не атрымалася, трэба проста прыняць. У кавярні аднойчы ўбачыла аб’яву неонавую: калі вас не абслужылі адразу, то абслужаць праз 15 хвілін, або цераз 20 — расслабцеся!

І такая сітуацыя з усім, ад службаў дастаўкі і запісу ў якую-небудзь цырульню да выкліку электрыка. Паўтаруся, гэта варта проста прыняць як адну са шматвекавых традыцый — магчыма, і я аднойчы зразумею, што няма куда спяшацца?

«Зімой у іспанскіх кватэрах халадней, чым на вуліцы»

— Вы згадалі, што пасля 2022 года сітуацыя крыху памянялася. Таму што прыехалі шмат расейцаў і скупілі нерухомасць, ці мноства ўкраінскіх бежанцаў?

— І тыя, і другія.

Беларусаў у Іспаніі няшмат, нават пасля 2020 года, і мы проста растварыліся ў агульнай масе (тут звыш 48 мільёнаў чалавек насельніцтва).

То бок, нават калі б усе пераехалі — у Іспаніі ёсць такі рэгіён, яго называюць «пустая Іспанія», ён у цэнтры краіны без аніякага мора, буйных вытворчасцяў і гэтак далей — і там у закінутыя вёскі і гарады можна было б беларусаў засяліць і ніхто б не заўважыў.

У рэгіёне Касцілья і Леон на продаж выстаўленыя цэлыя вёскі, якія страцілі сваіх жыхароў. Фота: elconfidencial.com

А ўкраінцы і расейцы — гэта значна большая плыня, па-першае. Па-другое, яны насамрэч паўплывалі на эканоміку краіны, плюс, на яе паўплываў кавід, абсалютна на ўсё кошты пасля пандэміі выраслі.

І гэта працягваецца да сёння — зараз курортны сезон, і мясцовыя медыі пішуць, што ён самы дарагі з дакавідных часоў. Пры гэтым афіцыйная статыстыка пацвярджае, што турысты на пляжах і ў гатэлях у большасці — не іспанцы, для іх цэны ўжо непад’ёмныя.

Вельмі змяніліся і цэны на арэнду і пакупку нерухомасці, працягвае Хрысціна. Беларуска прыводзіць прыклад: калі да вайны можна было набыць добрую кватэру за 70 тысяч еўра ў цэнтры, альбо за 30 тысяч — бюджэтную ў правінцыі, аднак цалкам прыдатную для жылля — цяпер такога няма і блізка.

— Усё раскупілі, а новабудоўлі разбіраюць яшчэ да іх завяршэння. Гэта адбілася і на арэндзе, нават у не вельмі папулярных месцах — а ўжо ў Малазе, Каталоніі, Валенсіі, якія традыцыйна вельмі папулярныя ў рускамоўных турыстаў,  зусім бяда з жытлом. Па маім досведзе, кошты на арэнду выраслі прыкладна ўдвая: тое, што каштавала 500-600 еўра, цяпер менш як за 900 наўрад ці знойдзеш.

Муж Хрысціны працуе ў будаўнічным бізнесе і атрымлівае па мерках Іспаніі сярэдні заробак, 1500 еўра. Сям’я здымае кватэру з дзвюма спальнямі, асобнай гасцёўняй і кухняй (звычайна ў Іспаніі яны спалучаныя), аддае 1000 еўра за арэнду, і для іх гэта дарагавата. Таму сям’я здала адну спальню ў субарэнду — іхняя жылічка працуе ў доме састарэлых пасуткава, потым адсыпаецца, і яны амаль не перасякаюцца.

Субарэнда пакояў тут частая з’ява, кажа беларуска, нават сярод мясцовых — гэта дазваляе істотна эканоміць. А вось на «камуналцы» зберагчы не атрымаецца: электрычнасць каштуе вельмі дорага.

І нават калі сачыць за тарыфамі (іх публікуюць мясцовыя газеты) і мыць бялізну ў танныя ці бясплатныя гадзіны, а таксама не карыстацца кандыцыянерам, што ў летнюю спёку складана, і мінімальна ўключаць бойлер для падагрэву вады — выходзіць каля 300 еўра штомесяц. З дзецьмі траты яшчэ больш павялічваюцца.

— А зімой, наадварот, у іспанскіх кватэрах халадней, чым на вуліцы, і гэта не легенда, а чыстая праўда, — дадае Хрысціна. — Наколькі гэта адчувальна? Успомніце, як яно ў Мінску, калі ўжо халодна, а ацяпленне не ўключаюць пару тыдняў, і ты ходзіш у коўдры. Вось прыкладна так.

Трэба дадаць, што ў Іспаніі складанасці з працай. Яны і даўней былі, і цяпер гэты крызіс яшчэ больш узмацніўся. Я, калі легалізавалася і вывучыла мову, прайшла курсы, наіўна думала, што знайду працу па сваёй эканамічнай адукацыі. Ага, як жа. Аказалася, што гэта нікому тут не трэба. Ужо год не магу знайсці працы, нават панізіўшы амбіцыі.

Адна з крам буйной гандлёвай сеткі Mercadona. Фота: elmundo.es

Нават у рытэйле, проста ў прадуктовай ці іншай краме (гэта нашы людзі часцяком лічаць «фе», а тут — нармальная праца, заробак ад 1 да 1,5 тысяч еўра, у залежнасці ад пасады і аб’ёму працы). Дык вось, каб туды ўладкавацца, стаіць чарга! І мігрантаў браць не хочуць. У сеткавых крамах Mercadona я не бачу ані пажылых людзей, ані супрацоўнікаў іншых нацыянальнасцяў.

— Выбачайце, а куды тады дзяюцца ўсе мігранты — сядзяць на «сацыяле»?

— Вось і я не ведаю. Тыя, хто прыехаў з Афрыкі, з Азіі — у іх вельмі добрыя выплаты ад дзяржавы, каля 800 еўра штомесяц на дарослага і каля 400 на дзіця, плюс вылучаюць сацыяльнае жытло і спецыяльныя кошты на электрычнасць.

Ведаеце, тут была такая гісторыя — ультраправая партыя Vox падчас мінулых выбараў у праламент скарыстала эфектны прыём. На плакаце была выява бабулі юнака-мусульманіна, і надпіс «На тваю бабулю дзяржава траціць штомесяц 426 еўра, на ўтрыманне няпоўнагадовага замежніка без суправаджэння дарослых — 4700 еўра». Усе вельмі абурыліся распальваннем варожасці, на партыю падалі ў суд. А той не знайшоў складнікаў злачынства.

За гэты перадвыбарчы плакат на ўльтраправую партыю падалі ў суд. Фота: elconfidencial.com

Аднак на бежанцаў з Украіны гэта не распаўсюджваецца: у адрозненне ад Германіі ці Францыі, Іспанія дае ім міжнародную абарону, але не грашовую падтрымку. І калі вы не IT-шнік альбо не жонка/муж ІТ-шніка, не маеце аддаленай працы альбо ўласнага бізнесу — я не раіла б разлічваць на тое, што ў Іспаніі вы лёгка знойдзеце сабе працу.

«Проста зрабіць чэк-ап? Ідзі супакойся, выпі віна»

— Як у Іспаніі з медыцынай? Не скажу, каб дрэнна — але складана, — працягвае Хрысціна. — Тут «хуткая» не прыедзе ні на мігрэнь, ні на вельмі высокую тэмпературу. У лепшым выпадку табе параяць па тэлефоне, што рабіць. Падчас кавіду ў мяне больш за тыдзень трымалася тэмпература 40, тэлефаную ў шпіталь, ці можна да іх прыехаць — адказалі, не, піце парацэтамол, ляжыце і ачуньвайце.

Цяпер я ўжо прымацаваная да медыцынскай страхоўкі мужа. Але нават пакуль ты не легалізаваны, нават прыватная медыцына каштуе даволі прымальных грошай: 500 еўра на год, страхоўка пакрывае ўсе неадкладныя выпадкі, і чым даўжэй ты ёй карыстаешся, тым больш паслуг можаш атрымаць.

Кааператыўны Hospital de Barcelona займае месца, якое спачатку было прызначана для прэстыжнага гатэлю. Фота: asc.es

Але пры гэтым іспанская медыцына нікуды не спяшаецца (помніце вечную маньяну? Гэта зноўку яна). Атрымаць накіраванні на абследаванне складана. Проста зрабіць чэк-ап? Ідзі супакойся, выпі віна. Аднак калі з табой нешта здарыцца сур’ёзнае — лячыць цябе будуць добра. Словам, медыцына не беларуская, але і не нямецкая — своеасаблівая.

— Вы пералічылі нямала «мінусаў», а што тады ў «плюсах», што пераважвае, каб заставацца жыць у Іспаніі?

— Так, мяне на радзіме без чаргі прынялі б у БРСМ, — смяецца Хрысціна, — але рэч не ў тым, што я адмыслова заўважаю негатыў, а ў тым, каб ведаць болей акалічнасцяў, трымаць вочы расплюшчанымі і прымаць узважанае рашэнне. Тым больш, што плюсаў насамрэч таксама нямала.

Вярнуся да таго, з чаго пачынала, тут зручна жыць: камфортна, прыгожа, смачныя і якасныя прадукты. Круглы год сіняе неба і шыкоўны клімат, сам па сабе аздараўленчы. Так, сёння тут вельмі няпростая сітуацыя — але яна цяпер такая ва ўсім свеце. Я ўпэўненая, што нідзе не будзе так лёгка, каб прыехаў і не напружваешся ад слова зусім; гэта розныя рэчы, турызм і эміграцыя.

У Іспаніі, наколькі я бачу, усё зроблена для людзей. Тут акуратна і чыста, таму што самі жыхары ўважліва ставяцца да гэтых рэчаў. У Беларусі нярэдка «парадачак» заканчваецца за парогам кватэры, а далей можна пляваць, засмечваць і лічыць, што каму трэба, тыя прыбяруць. Тут зусім іншае стаўленне.

Тут людзі спакойныя, пазітыўныя, вясёлыя, і гэта адбіваецца на агульнай атмасферы, яна ў пэўным сэнсе лякуе. Беларусь, з якой я з’язджала, запомніла больш напружанай і нервовай. Можа, таму ў нас у сярэднім людзі жывуць меней, а тут вельмі шмат доўгажыхароў? Спадзяюся, гэта бонусам «выдаецца» і прыезжым, плюс дзесяць год.

«Людзі змагаюцца за свае правы, і робяць гэта паспяхова»

— Вельмі бачная розніца, што да ўразлівых груп. У нас у краіне людзі з інваліднасцю, вельмі старыя і нямоглыя — іх як быццам няма. Бо многія не могуць нікуды пайсці, зайсці ў аўтобус, спусціцца ў метро, часам нават выйсці з уласнага дома. А ў Іспаніі я яшчэ турысткай была здзіўлялася, як шмат старых людзей у інвалідных вазках гуляюць з маладымі спадарожнікамі: ат, думала, якія добрыя ўнукі. Аказваецца, гэта памочнікі, прызначаныя ім дзяржавай. І гэта не раз на тыдзень, а сталая дапамога і сацыяльная падтрымка.

І дамы састарэлых тут — гэта не пра тое, каб збагрыць бабулю ў нуднае месца, а пра тое, каб зладзіць старэйшаму пакаленню побыт, медыцынскую дапамогу, вольны час, кам’юніці, сяброўскія стасункі.

Cтудэнты бяруць удзел у праграме абмену ў доме састарэлых. Фота: elperiodicodearagon.com

Дадам яшчэ, што ў Іспаніі вельмі неблагая адукацыя. Нават прыватная школы недарагія па мясцовых мерках, але і муніцыпальныя — добрыя. Праўда, ведаю, многім не падабаецца, што ісці ў пачатковую школу (а яна пачынаецца з 3 год) абавязкова.

І яшчэ, ледзь не забылася — пра тое, наколькі Іспанія сацыяльна-арыентаваная краіна.

Калі ты прыехаў і пражыў тут пэўную колькасць год (нават нелегальна), але працуеш, плаціш падаткі па адмысловым нумары замежніка, не парушаеш закон — на цябе не будуць паляваць міграцыйныя службы, каб выпхаць з краіны. Больш за тое, праз некалькі год ты можаш легалізавацца па аседласці і працягнуць інтэграцыю ў грамадства.

У Іспаніі апошнім часам растуць правыя настроі, як агулам у Еўропе. Аднак у гэтай краіне пачуваешся цалкам свабодным, як фізічна, так і ментальна. Тут людзі змагаюцца за свае правы, і робяць гэта паспяхова.

8 сакавіка — не «дзень кветкавага спекулянта», а дзень, калі жанчыны выходзяць на вуліцы, вялізнымі, шматтысячнымі групамі, і пратэстуюць супраць «шкляной столі» ў кар’еры, супраць больш нізкіх заробкаў, супраць гендарнага гвалту і забойстваў. (Дарэчы, у Іспаніі існуе асобнае міністэрства па пытаннях роўнасці — С.).

Іспанія — каталіцкая краіна, аднак  калі тут спрабавалі забараніць аборты — трэба было бачыць, як узняліся жанчыны! Яны выходзілі з плакатамі «мы ўнучкі вядзьмарак, якіх вы не змаглі спаліць».

Моладзь на дэманстрацыі 8 сакавіка ў Мадрыдзе, 2024 год. Фота: Andrea Comas, elpais.com

«Бярозавік — не настолькі крытычна, каб па яго ехаць на радзіму»

— Чаго мне нестае беларускага? Па шчырасці, нават не ведаю, — разважае Хрысціна. — Крам са славянскімі прадуктамі тут хапае, а калі чагосьці няма, можна замовіць. Таму зефіркі, напрыклад, не праблема.

Родная прырода — таксама. Тут можна знайсці і сярэднюю паласу, зімой у Мадрыдзе халодна, як у Беларусі, ёсць горы са снегам і гарналыжнымі курортамі — частка Пірэней. Насамрэч, можна знайсці прыродныя зоны на любы густ, якія хочаш, і пасяліцца там альбо падарожнічаць.

Людзі? Часам падаецца, што «нашых» тут ужо больш, чым іншых замежінкаў. З маіх сяброў у Беларусі вельмі мала хто застаўся, і цешыць, калі яны ў бяспецы. Родныя могуць да мяне прыязджаць, хоць і не часта, і гэта цяпер дорага. Праўда, я да іх не рызыкую выбірацца, бо лепш ведаю сучасны беларускі дыскурс.

Мабыць, мне нестае тут добрых беларуска- і рускамоўных кніг — тое, што ёсць, досыць нізкага гатунку чытво. Але можна замовіць, каб прывезлі кніжкі з Германіі альбо набыць электронныя.

Па чым праўда сумую — гэта па бярозавіку, помніце, які ў беларускіх крамах прадаецца, у  трохлітровых слоіках і нават газаваны. Але гэта не так крытычна, каб па сок ехаць на радзіму, праўда?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)