Общество

Стала вядома пра яшчэ аднаго грамадзяніна Ўкраіны, якога расейскія войскі прымусова вывезьлі і пакінулі ў Беларусі

Ён памёр і пахаваны ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці, піша Радыё Свабода.

Барадзянка (Кіеўская вобласьць) пасьля расейскай акупацыі. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія вайскоўцы ў сакавіку або красавіку 2022 году прымусова вывезьлі з Барадзянкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці грамадзяніна Ўкраіны і пакінулі яго на тэрыторыі Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе, гэтага сталага мужчыну, як і іншых украінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь, у часе расейскай акупацыі Барадзянкі трымалі ў мясцовай царкве, на той момант у падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату.

Украінца прывезьлі ў Гомельскую вобласьць, але ў траўні 2022 году перавезьлі ў вёску Холмеч Рэчыцкага раёну і зьмясьцілі ў мясцовы тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Ён жыў у аддзяленьні забесьпячэньня безупыннага знаходжаньня грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, а 9 верасьня 2025 году памёр, маючы 86 гадоў. Украінца пахавалі на мясцовых могілках.

Суд ва Ўкраіне цяпер прызнаў яго памерлым.

Раней стала вядома аб сьмерці вывезенай грамадзянкі Ўкраіны ў доме-інтэрнаце для старых у Ветцы Гомельскай вобласьці праз тры месяцы пасьля яе прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласьці ў Беларусь.

У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)