Бо зараз ёсць трэк, які працуе, людзі выходзяць на свабоду. Ёсць план, ёсць дарожная карта, мы чакаем наступных вызваленняў.
Вячорка: Лукашэнка падумае, што можа прадаць двум пакупнікам адзін і той жа «тавар»
Галоўны дарадца Ціханоўскай патлумачыў, чаму лічыць рызыкоўнымі прапановы Калеснікавай аб уступленні Еўрасаюза ў дыялог з беларускім правіцелем.
З-за Расіі, якая пачала вайну і цалкам памяняла геапалітычную раскладку, Беларусь і ўнутрыпалітычная сітуацыя ў краіне выпалі з фокусу, што адклала наш шанец на перамены, лічыць Франак Вячорка.
— Я больш за ўсё баюся, што калі будзе гэты рэсэт (reset) Лукашэнкі з Захадам пасля ўсяго, што адбылося, можа стацца тое, што я называю «азербайджанізацыя» Беларусі, — выказвае занепакоенасць Вячорка ў інтэрв’ю Белсату. — Калі ёсць дыктатура, аўтарытарызм, ёсць палітвязні, няма ніякай свабоды, але ніхто гэтыя пытанні больш не падымае.
Пры гэтым прапановы Марыі Калеснікавай аб уступленні Еўрасаюза ў дыялог з Лукашэнкам ён лічыць вельмі рызыкоўнымі.
— У першую чаргу прапанова Еўразвязу далучыцца да беларуска-амерыканскіх перамоваў па палітвязнях можа нашкодзіць амерыканскаму трэку.
І калі ў гэтыя перамовы зараз уваходзіць Еўропа, Лукашэнка падумае, што можа прадаць двум пакупнікам адзін і той жа «тавар». Гэта небяспечна, гэта ўсё затармозіць.
Ён хоча «вялікую здзелку»: давайце, вы ўсе санкцыі здыміце, а я выпушчу палітвязняў. Пасля новых набяру, але гэта ўжо іншая гісторыя.
Каб гэтага не адбылося, трэба каб захоўваўся той трэк, які ёсць.
Таксама Вячорка ўпэўнены, што Лукашэнка не будзе размаўляць з Захадам пра праблемы людзей і пра рэпрэсіі.
— Калі гэта будзе дыялог Захаду з Лукашэнкам, ён будзе не пра нашы праблемы, не пра тое, што дапаможа беларусам выйсці з крызісу, а, наадварот, пра тое, як гэтую крызісную сітуацыю замарозіць.
Таму нам з камандай трэба зверыць пазіцыі з Марыяй. Еўрапейская палітыка — гэта наступны этап. Першы этап — тое, што робяць амерыканцы. Яны вызваляюць людзей, спыняюць рэпрэсіі.
А ўжо на другім этапе трэба разглядаць, як памяняць сітуацыю ў краіне. І для гэтага ёсць еўрапейскія санкцыі.
Читайте еще
Избранное