Общество

Як беларусы арганізаваліся, каб сустрэць нечакана вызваленых палітвязняў

Вызваленне палітвязняў 11 верасня шмат для каго стала неспадзяванкай — нават праваабаронцы і актывісты да апошняга не ведалі колькасць тых, каго ўлады вывезуць за мяжу.

Агулам выйшлі 52 чалавекі, але Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь. Астатніх у Вільні цёпла сустрэла дыяспара, родныя, сябры і калегі. Як гэта выглядала знутры, піша Наша Ніва.

Частка вызваленых 11 верасня палітвязняў у Вільні

«Паехалі ў шэлтар з маленькім перапыначкам у бары»

Навіну пра вызваленне 52 палітвязняў прадзюсар і арт-менеджар Аляксандр Чахоўскі пабачыў у інстаграме — і не адразу зразумеў, што адбываецца.

Пасля знаёмыя ў закрытых тэлеграм-чатах пачалі пісаць, што збіраюцца сустракаць людзей каля амерыканскай амбасады ў Вільні, а з самім Чахоўскім звязалася супрацоўніца Офісу Святланы Ціханоўскай і прапанавала стаць валанцёрам на месцы. Прадзюсар адразу сеў у машыну і паехаў туды.

Калі ён быў каля амбасады, частку былых зняволеных ужо забралі родныя і сябры.

— Я там проста чакаў, чым можна дапамагчы. Камусьці проста дапамог торбы паднесці.

Назіраў такую карціну, як у натоўпе нехта з экс-палітвязняў пёр гэтыя торбы, а яму нават ніхто не дапамог. Я сам не арыентаваўся, а потым ужо не паспеў.

Тады да Чахоўскага звярнулася журналістка Алена Дубовік з былым зняволеным Паўлам Вінаградавым — сказала, што іх трэба будзе забраць на машыне.

Павел Вінаградаў пасля вызвалення ў Літве 11 верасня. Фота: «Наша Ніва»

Агульным пунктам збору для вызваленых і іх блізкіх быў прызначаны шэлтар «Замак», якім займаецца арганізацыя «Дапамога». Але адразу туды яны вырашылі не ехаць:

— Паша сеў у машыну і кажа: «Блін, я так хачу каньяку». Я сказаў, што будзе. А ўжо позна — у крамах не набудзеш алкаголь. Мы паехалі ў «Замак», але з невялікім кручком — з маленькім перапыначкам у бары, каб пачаставаць Пашу гэтым каньяком.

Мы выходзілі з машыны, ён кажа: «А нічога, што я ў зэкаўскай вопратцы, без шнуркоў?». Я сказаў, што нічога.

Там мы прабылі хвілін 20. Ён проста выпіў 50 грамаў каньяку, і мы паехалі ў шэлтар, — расказвае прадзюсар.

У «Замку» былым зняволеным выдалі рэчы на першы час, а таксама расказалі самае неабходнае пра жыццё ў Літве — якія дакументы трэба аформіць, як набыць сімку, як карыстацца грамадскім транспартам. Таксама валанцёры там гатавалі ежу для вызваленых людзей.

— Калі туды ўсе прыехалі, там рэальна нармальную паляну накрылі, шашлыкі гатавалі, тое-сёе. Стол быў будзь здаровы, усе, хто туды даехаў, нармальна пад’ядалі, — кажа Аляксандр.

«Хлопцы, што толькі з турмы прыехалі, ужо гралі на гітары і спявалі»

Былым зняволеным дарылі цукеркі, кветкі — як жанчынам, так і мужчынам. Было шмат падарункаў і перадач, распавядае Чахоўскі.

«У «Замку» на ўваходзе ёсць прастора такая накшталт лобі — тыпу маленькая сцэна, барныя крэслы і мікрафоны. Я проста быў у шоку, калі пабачыў, што праз нейкі час, гэтыя хлопцы, што толькі з турмы прыехалі, ужо гралі на гітары і спявалі «Грай» Ляпіса Трубяцкога. Гэта было вельмі класна і кранальна адначасова».

Частка вызваленых 11 верасня палітзняволеных і каманда Святланы Ціханоўскай. Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Пазней Чахоўскі адвёз Вінаградава да дому Дубовік і развёз па адрасах некалькіх іншых вызваленых. Дапамагаў і ў наступны дзень — адвозіў рэчы зняволеных, што засталіся ў амбасадзе, у Офіс Ціханоўскай. Па яго словах, сумкі двойчы цалкам занялі месца ў аўтамабілі.

Мужчына кажа, што асабіста з вызваленых людзей ведаў няшмат, але прапанаваў ім прыйсці на культурніцкія мерапрыемствы, якімі зараз займаецца.

Добра Чахоўскі быў знаёмы з тымі, хто ўзяў вызваленых да сябе па сем’ях. Упэўнены, што там яны атрымаюць шмат клопату, увагі і любові.

— Я ўвогуле ўражаны хвалю салідарнасці, што мы бачылі — літаральна за паўтара дні 110 тысяч еўра было заданачана. Я ведаю пра сваіх сяброў-бізнэсоўцаў, якія шмат і часта дапамагаюць у такіх справах і ніколі не робяць гэта публічна.

Салідарнасць — яна ўражвае. З аднаго боку, вельмі прыемна, з іншага — я вельмі збянтэжаны і злы, праз тое, што людзей рэальна выкінулі з краіны, проста адправілі без дакументаў.

Забраць да сябе вызваленых беларусаў прапаноўвалі нават літоўцы

Кіраўніца валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава адзначае, што да апошняга моманту дакладныя дата, час і колькасць вызваленых людзей былі невядомыя.

За суткі да навіны яны разам з іншымі валанцёрскімі і праваабарончымі арганізацыямі абмяркоўвалі тое, як можна дзейнічаць, калі вязняў вывезуць у Літву.

Шэлтар «Замак» у Вільні. Скрыншот з відэа: «Радыё Свабода»

Планавалася, што «Замак» зможа прыняць у сябе 14 чалавек. Але праз тое, што шмат вызваленых разабралі па сем’ях, у шэлтар паехалі толькі два новыя чалавекі. Таксама «Дапамога» зняла для траіх вызваленых кватэру — некаторыя, зазначае Калегава, не хацелі пасля калоніі зноў жыць у агульнай прасторы.

— Большая частка людзей атрымала падтрымку менавіта ад блізкіх. У беларусаў агулам ёсць тэма — калі людзям побач не вельмі добра, нешта здаецца, то побач выбудоўваецца падтрымка, добрае плячо.

Забраць да сябе дамоў вызваленых беларусаў прапаноўвалі і літоўцы, якіх ведала Калегава.

— Для літоўцаў заўсёды, нягледзячы на тое, што паміж намі бываюць нейкія размовы нацыяналістычныя, але няма бліжэйшага чалавека, чым беларус.

Запыты на дапамогу ад былых палітзняволеных былі стандартныя. Па словах Калегавай, праца валанцёраў вельмі нагадвала тую, з якой «Дапамога» ўжо сутыкалася ў 2020 і 2022 годзе — з першымі ўцекачамі з Беларусі і Украіны. «Было, што згадаць», — кажа жанчына.

Адзінае адрозненне — у вызваленых цяпер людзей не было пашпартоў, а гэта ўскладняе сістэму легалізацыі ў новай краіне. Таксама, акрамя відавочных рэчаў накшталт гігіенічных сродкаў і вопраткі, былі патрэбныя манікюрныя наборы, каб прывесці рукі ў парадак.

Але з гэтым ім паабяцала дапамагчы бежанка, якая ўжо адаптавалася ў Літве і мае свой салон прыгажосці. «Сказала: «Прыходзьце колькі спатрэбіцца, а далей ужо будзеце сачыць самі», — перадае яе словы Калегава.

— Рэпетыцыя прайшла паспяхова, я нават лічу, што як генеральная рэпетыцыя, яна прайшла на выдатна — з пункту гледжання таго, як гатова грамадства. А ўсе астатнія рэчы… Яна, дасць Бог, на тое і рэпетыцыя, — разважае Калегава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)